- Чытаць я ўжо ўмею не горай арганiстага. Але, дзякаваць богу, з чытання хлеба есцi не патрэбую, бо на чорную гадзiну мне хвацiць; пайду лепш да дачкi на кут, i яна прытулiць мае старыя косцi.

I пры гэтых словах дастаў Мацей з-пад палы скрынку ды зазванiў ёю.

Угледзеўшы гэта, нявесткi як бач з звяроў анёламi парабiлiся: адна крычыць: "А мой жа ты татачка!", другая: "Мой ты родненькi!". Адна садзiць на печ, каб пагрэўся, другая яечню смажыць. Не ведаюць, як дагадзiць яму!

I настала шчаслiвае жыццё для Мацея: меў усё, што трэба, i аб чытаннi нiхто i не ўспамiнаў! А ён, пад'еўшы, сядзiць сабе на печы i за арганiстага бога просiць.

Адзiн раз запыталiся нявесткi, што будзе са скрынкай? Стары растлумачыў, дзе ключ, ды сказаў: "Як памру, то пры людзях падзелiцеся; каторая лепей будзе шанаваць той будзе болей".

Прыйшла пара, памёр Мацей, але i па смерцi яго шанавалi: адна нявестка галосiць, другая людзей поiць i кормiць, адна ксяндзу плацiць, другая спраўляе ўсё, што трэба чалавеку па смерцi,

I пахавалi Мацея, як якога пана, паставiлi крыж, насыпалi магiлу.

Тутака з'явiўся i арганiсты з ключам. Нявесткi чуць не б'юцца - кожная сябе ды працу сваю хвалiць.

Вось адмыкаюць скрынку... i што ж? Замест грошай пасыпалiся з яе каменнi ды шкло!

Апякункi бацькавы мала не паўмiралi са злосцi, а як прыйшлi трохi да сябе, заспявалi i яны псалмы, дый ужо на новы лад:

- А каб твая душачка з пекла не выйшла! Каб ты не вiдзеў святлосцi нябеснай!..

Пачалi людзi расхадзiцца з могiлкаў - адны ў страху, што грошы былi зачарованыя, а другiя дык смяялiся i гутарылi мiж сабой, што не дурань быў нябожчык Мацей, вечны яму спакой!

Пайшлi i нявесткi дамоў, праклiнаючы старога. I толькi лес нудным шумам сваiм спяваў яму доўга "вечны пакой".

1908 г.



2 из 3