- Гэта Наталi, - прашаптала яна.

- Сядзiце, не ўставайце, - прамовiў Бертран.

Яна пачула звонкi голас у пярэдняй.

- О, як у вас тут цёпла! Я скiну палiто.

Дзверы адчынiлiся. На парозе паказалася Наталi. Яе твар трошкi схуднеў, трошкi пабляднеў, але амаль не змянiўся - быў такi ж малады i прыгожы.

- Добры дзень, - радасна прывiталася яна. - О! Бертран!.. Якi вы слаўны!.. Я нiяк не спадзявалася, што вы захочаце мяне пабачыць... Як у вас тут цёпленька, Iзабэла!..

Калi праз гадзiну, праводзiўшы госцю, Бертран вярнуўся, Iзабэла сказала яму з абурэннем:

- Нiхто б не даў веры! Як вы лiчыце, дарагi? Я ж дрыжала толькi ад адной думкi... А яна хоць бы слова аб сваiм горы, аб сваiм няшчасцi...

- Хiба што туманныя намёкi, - пацвердзiў Бертран. - Часам уставiць нешта накшталт "у маiм становiшчы" i адразу ўбок. Нiчога канкрэтнага. Дзiўлюся, нашто ёй спатрэбiлася мая прысутнасць... Яна хацела нейкай парады, вы казалi?.. Але ж яна ў мяне нiчога не спытала.

- Я тут нi пры чым, Бертран. Яе просьбу я перадала правiльна. Не магу апамятацца!.. Вам даводзiлася бачыць такое? Развяла нудную балбатню пра рукавы з напускам... Гэта праўда, што вам такiя рукавы падабаюцца? Знайшлi што хвалiць!.. А я думала, што вы прыхiльнiк строгiх строяў.

- Ды я зусiм не хвалiў... Вы маўчалi... Трэба ж было нейк заняць час.

- Я двойчы спрабавала нагадаць ёй пра мужа, i кожны раз яна спыняла мяне абыякавай фразай i пачынала гаварыць аб сваiм намеры паехаць у Грэцыю, зрабiць марскую прагулку ў асобнай каюце. Вiдаць, яна яго нiколi не кахала.

- Хто ведае? - прамовiў Бертран.

- А яе дзецi?.. Вы чулi, што яна сказала, калi я заўважыла, што дзецi будуць ёй уцехай? "Вы так думаеце? - запытала яна. - Вы любiце дзяцей?.. А я не... Заходжу ў дзiцячую. Калi яны гуляюць, то на мяне нiякай увагi... I мне тады робiцца сумна". Я не ведала, што адказаць... Затое пра вашу апошнюю кнiгу яна гатова была гаварыць бясконца.



2 из 3