Молат выпiсваў правiльную дугу, падаў, i з-пад яго ляцелi маланкi, вiравалi iскры. Гэта была "паненка", якую Каваль трымаў аберуч i якой працаваў, а тым часам яго сын - дзяцюк дваццацi гадоў - зацiскаў абцугамi распаленае жалеза i таксама каваў, але за вогненнымi скокамi "жахлiвай дзеўкi" старога амаль не было чуваць глухога спеву яго малатка. Бах, бах-бах, бах нiбы сур'ёзны матчын голас вучыць дзiця вымаўляць першыя гукi. "Паненка" вальсавала нястомна, стрэсвала блiскаўкi са сваёй сукенкi, пакiдала адбiткi абцасаў на лемяшы кожнага разу, як падала на кавадла. Крывавае полымя залiвала падлогу i выхоплiвала з цемры вялiзныя постацi двух рабочых, ценi якiх рухалiся па змрочных i цёмных кутах кузнi. Агонь спакваля пачаў патухаць, i Каваль спынiўся. Ён стаяў увесь чорны, абапершыся на дзяржальна молата, i нават не выцiраў пот з iлба. Нягледзячы на гул мяхоў, якiя павольна напампоўваў сын, я чуў, як нястрымна надзiмаюцца грудзi старога.

Я застаўся начаваць у Каваля i нiкуды больш не рушыў. Наверсе, якраз над самай кузняй, меўся вольны пакой, якi ён мне прапанаваў i дзе я пасялiўся. На золку, а пятай гадзiне, я пачынаў жыць клопатам майго гаспадара. Мяне будзiў рогат усёй сям'i, i гэтая неўтаймавальная весялосць трывала да самага вечара. А ўнiзе скакалi малаткi. Здавалася, што "паненка" скiдае мяне з ложка, малоцiць у столь, ганiць мяне абiбокам. Убогi пакойчык з вялiкай шафай, простым драўляным сталом, двума крэсламi пачынаў трашчаць i крычаць, каб я хутчэй уставаў. I я ўставаў, сыходзiў унiз, дзе ўжо даўно палаў горан. Нешта мармытаў мех, блакiтна-ружовым жарам, падобным на ласкавае зерне, зiхацела вуголле, варушылася ад кожнага павеву ветру. А тым часам Каваль рыхтаваўся да дзённае працы: корпаўся ў жалезе, што ляжала ў кутах, пераварочваў плугi, аглядаў колы. Калi гэты шаноўны чалавек заўважаў мяне, ён браўся ў бокi i смяяўся - рот да вушэй. Ён весялiўся, што прымусiў мяне вылезцi з ложка а пятай ранiцы. Мне здаецца, што на свiтаннi ён грукаў, каб уславiць абуджэнне новага дня. Ён клаў свае шырокiя далонi на мае плечы i казаў, што з часу, як я пачаў жыць сярод яго жалеззя, мне зрабiлася лепей. Штодня мы сядалi на кош старой перакуленай двухколкi i пiлi ўдвух белае вiно.



2 из 5