Але ж як яго ўкрасцi? Праўда, цяпер дзед жыў адзiн - усе паразбягалiся ад яго. Толькi прусы ды тараканы гняздзiлiся ў суседстве з дзедам. I дзед так шанаваў свой кажух, нiколi з iм не расставаўся i так крэпка з iм зжыўся, што трудна было пазнаць, дзе пачынаўся дзед i дзе канчаўся кажух. А зойдзеш у хату, як ён спiць, - прусакi i ўсякi бруд так заварушыцца, што няiменна абудзiць дзеда. Толькi ж хлопцы выбралi-такi часiну. Дзед спаў. Але i спаў ён у кажусе. Думалi, думалi хлопцы, як выкрасцi кажух. Нiчога не прыдумалi, як толькi расперазаць яго i лёгенька сцягнуць. Але старыя спяць чутка. Праўда, кажух такi расперазалi. А як сталi здымаць яго, дзед абудзiўся. Стары быў яшчэ крэпак. Як схопiцца ён, як пагонiцца за хлопцамi, як пачне латашыць кульбаю! Не для ўсiх скончылася шчаслiва: хто сiняк зарабiў, хто лiхтар на лбе, а хто дык i рэбер не далiчыўся. Толькi i паспелi зрабiць, што рукаў адарваць i кусок крыса вырваць. Але дзед уставiў новы рукаў з старой аўчынкi i нават каўнер падправiў. I ўсё ж такi фарсiць у старым кажусе.

- Ахвота вам, хлопцы, займаць старога! Бог з iм. Няхай дацягае свой век. Колькi яму засталося? А памрэ ён, i кажух пахаваем з iм: разам жылi, няхай разам i спачываюць.

Але хлопцы на гэтую гутарку не згадзiлiся: ходзяць за дзедам крок у крок ды кажух яго скубуць. А выжыўшы з розуму дзед ганяецца за iмi з кульбаю.



2 из 2