Хай нехта пратэстуе або злуецца, хай абураецца або захапляецца, але Шапэнгаўэр адзначыў чалавецтва пячаткай сваёй пагарды i расчаравання.

Дасведчаны жуiр, ён спляжыў надзеi, спадзяваннi, паэзiю i iншыя хiмеры, знiшчыў iмкненнi, разбiў давер мiж людзьмi, забiў каханне, зрынуў культ-iдэал жанчыны, загубiў iлюзii сэрца, выканаў найвялiкшую ў гiсторыi скептычна-разбуральную працу. Ён насмяяўся з усяго, спустошыў усё. I нават сёння ўсе тыя, хто яго ненавiдзiць, напэўна ўсё ж маюць у галаве драбочкi яго думак.

- Дык вы асабiста ведалi Шапэнгаўэра? - запытаўся я ў немца.

Ён сумна ўсмiхнуўся:

- Аж да самай смерцi, пане.

I ён пачаў апавядаць пра яго. Ён расказаў пра тое амаль звышнатуральнае ўражанне, якое гэты дзiўны чалавек рабiў на ўсiх, хто з iм сутыкаўся.

Ён расказаў мне пра сустрэчу гэтага старога разбуральнiка з адным французскiм палiтыкам, тэарэтыкам-рэспублiканцам, якi, захацеўшы пабачыць Шапэнгаўэра, знайшоў яго ў пiвярнi ў атачэннi вучняў. Француз убачыў перад сабой худога з'едлiвага старога з маршчынiстым тварам. Ён смяяўся незабыўным смехам, адным сваiм словам iрваў i разрываў на шматкi думкi i перакананнi, як сабака, што падчас гульнi зубамi раздзiрае кавалкi тканiны. I ён паўтарыў мне словы, што выкрыкнуў гэты француз, калi напалоханы i ледзь не звар'яцелы выбег ад Шапэнгаўэра:

- Здаецца, я прабыў гадзiну побач з самiм д'яблам!

Стары дадаў:

- У яго i сапраўды была жахлiвая ўсмешка, ад якое нам рабiлася страшна, нават пасля яго смерцi. Калi вам цiкава, я раскажу пра выпадак, амаль нiкому не вядомы.

I ён пачаў стомленым голасам сваё апавяданне, што час ад часу перарывалася прыступамi кашлю:

- Калi Шапэнгаўэр памёр, мы дамовiлiся, што будзем па чарзе сядзець пры нябожчыку па двое аж да ранiцы.

Ён ляжаў у вялiкiм, проста ўбраным цьмяным пакоi. На начным столiку гарэлi дзве свечкi.



2 из 4