У кастрычнiку засталася ўжо толькi яна - адна душою. Уласна кажучы, не зусiм адна, бо ў пакоi было яшчэ нямала мэблi: два ложкi, стол, шафа... Але на пачатку лiстапада непатрэбныя рэчы былi прададзены з малатка, а ў яе з усёй мужавай спадчыны засталася камiзэлька, якая цяпер у мяне.

Неяк у канцы лiстапада суседка паклiкала ў пустую кватэру гандляра старызнай i прадала яму свой парасон за два злотых i мужаву камiзэльку за сорак грошаў. Пасля замкнула кватэру, паволi прайшла па двары, у браме аддала ключ дворнiку, хвiлiну паглядзела на сваё калiсьцi акно, на якое сыпаўся дробны сняжок, i - знiкла за брамай.

На дварэ застаўся гандляр старызнай. Ён наставiў вялiкi каўнер свае апранахi, пад паху ткнуў толькi што куплены парасон i, ахутаўшы камiзэлькай чырвоныя ад холаду рукi, мармытаў:

- Гандаль, панове... Гандаль!..

Я паклiкаў яго.

- Пан дабрадзей што-небудзь прадае? - спытаўся ён, уваходзячы.

- Не, я хачу ў цябе штосьцi купiць.

- Вiдаць, вяльможны пан хоча парасон? - спытаўся жыд.

Ён кiнуў на падлогу камiзэльку, абтрос снег з каўняра i з намаганнем пачаў раскрываць парасон.

- О, файная штучка! - сказаў. - На такi снег - толькi такi парасончык... Я ведаю, што вяльможны пан можа мець зусiм шоўкавы парасон, нават i два. Але такiя - толькi на лета!..

- Колькi хочаш за камiзэльку? - спытаўся я.

- Якi камiзэльку? - здзiвiўся ён, вiдаць, падумаўшы пра сваю ўласную.

Ды раптам апамятаўся i хутка падняў з падлогi тую.

- За гэтую?.. Пан дабрадзей пытаецца пра гэты камiзэлька?..

А потым, нiбы з абуджаным падазрэннем, перапытаў:

- А навошта вяльможнаму пану такi камiзэлька?

- Колькi ты хочаш за яе?

Гандляр блiснуў жаўтлявымi бельмамi, а кончык яго даўгаватага носа пачырванеў яшчэ больш.

- Вяльможны пан дасць... рублёвачку! - адказаў ён, разгортваючы перад маiмi вачыма тавар такiм чынам, каб паказаць усю яго бясспрэчную вартасць.



2 из 10