
А колькi жыцця навокал яго! Чарнабровыя плiсачкi любяць крыху падурэць каля каменя, а то проста сядуць на самы яго верх i пачнуць такiя гамонкi, што толькi i можна пачуць iх увесну. Лясная жаваранка прылятае сюды начаваць, i, пэўна, гэта каменю пяе яна такiя прыгожыя песнi, што душа замлявае. Што ж, шанцуе яму - i толькi! Кожнаму свая доля.
Так казалi суседзi шчаслiвага каменя. Аднаго толькi не маглi сцямiць тутэйшыя жыхары: камень нiводным слаўцом не выявiў свае радасцi, што нямала ўсiх тут здзiўляла.
- Ну, што ж? Такая ўжо натура яго!
Але здарылася тут вось якая рэч. Прылятае раз на сваё гняздо бусел ды кажа да дубоў:
- А ведаеце, браткi, што?
- А што? - усе разам запыталi яго.
- Шчаслiвы наш камень... рассыпаўся.
- Ну?!
- Не можа быць! - зашумела рэчка.
- Што ж гэта такое? - прагукаў лес.
I ўсе дзiвiлiся такому здарэнню.
- З чаго ж такое лiха прылучылася з iм?
I нiхто не ведаў, што сказаць на гэта.
