Пасля некалькiх месяцаў назiрання самыя незгаворлiвыя дамы Пон-дэ-Лёра ўзялi пад сваю апеку мадмуазэль Дзюрук, i незвычайная прыгажосць маладзенькай дзяўчыны збiла з тропу не аднаго юнака. Тады казалi, што Бланш Дзюрук, каб толькi захацела, магла б выйсцi замуж за аднаго з самых багатых тамашнiх суконшчыкаў, а трэба ведаць вузкую каставую сiстэму, якая ў дзевятнаццатым стагоддзi пусцiла карэнне ў гэтай мясцовасцi, каб зразумець некаторы сацыяльны зрух, аб якiм сведчылi падобныя чуткi. Аднак час iшоў, а грашовыя тузы не спяшалiся. У 1890 годзе Бланш Дзюрук споўнiлася дваццаць шэсць гадоў, i, хоць яна была па-ранейшаму красуняй, спрактыкаваным дамам яе будучыня не здавалася ўжо такой блiскучай.

Дарэмна ў гэты вечар пондэлёрскiя сем'i, шпацыруючы туды i сюды па "Алеi ўздыхаў", прабавалi падступiцца да Дзюрукаў i iх спадарожнiка. Бланш iшла поруч з мулатам, крыху апярэдзiўшы бацькоў. Палкоўнiк у пiнжаку з тонкай шэрсцi, з ордэнскай стужкай у пятлiцы, паважна падымаў саламяны капялюш, сустракаючы тутэйшага пана, i на прывiтанне "Добры вечар, паважаны палкоўнiк" адказваў, не спыняючыся: "Добры вечар, пан Герпэн... Добры вечар, пан Пельто..." Найбольш здагадлiвыя казалi, што палкоўнiк Дзюрук, калi служыў у Афрыцы, напэўна, меў туземцаў пад сваёй камандай. Тады якраз iшла вайна з Дагамеяй. Магчыма, невядомы быў высланым важаком, а можа, нават сынам мурынскага караля? Трэба прызнаць, што постаць яго была сапраўды каралеўская, ён на цэлую галаву ўзвышаўся над iншымi i глядзеў на ўсiх смела жорсткiмi вачамi. Але ўсе гэтыя меркаваннi прыйшлося адкiнуць, калi на другi дзень у клубе палкоўнiк адрэкамендаваў свайго мулата членам камiтэта:



2 из 12