- Ну, i як яны? - запытаў я ў натарыуса.

- На маю думку, - адказаў той, - яны кахаюць адно аднаго... I ўсё ж, на яе месцы, я не быў бы спакойны... У гэтым чалавеку, пры ўсiх яго культурных манерах, ёсць нешта дзiкае.

- А пра свае справы ён расказваў? - зусiм натуральна пацiкавiўся я, паколькi i сам уклаў невялiкую суму грошай у "Таварыства бавоўна-каўчук".

- Ну, вядома... Але ўсё куды горш, чым я меркаваў спачатку... Баюся, што праз некаторы час мы расчаруемся... Ёсць рахункi, якiх я проста не разумею.

Так да канца нiхто i не разабраўся ў дзейнасцi Геркула Дзюрука. Пэўнымi з'яўляюцца тры факты: акцыянеры не атрымалi нi аднаго су прыбытку, "Таварыства", праiснаваўшы некалькi цяжкiх гадоў, збанкруцiлася, сам жа Геркул застаўся пры сваiм багаццi. Гэтая нячыстая камбiнацыя адшыла ад мулата ўсiх, хто некалi добра ставiўся да яго. Геркул i Бланш замкнулiся ў сваiм замку i нiкуды не выязджалi.

Гадоў праз чатыры, а можа, праз пяць пасля iх жанiцьбы, дакладна не памятаю, мяне ўпершыню запрасiлi ў Клеры. Бланш Дзюрук нейк дзiўна змянiлася. Гэта слаўная жанчына, што была для мяне ўвасабленнем сiлы i стойкасцi, страшэнна схуднела. Яна стала нервовай, яе фламандскi румянец знiк, вочы ўвалiлiся i палiнялi. Я не знаходзiў нi праяў туберкулёзу, нi слядоў iншых захворванняў. Парушэнняў арганiчных функцый не назiралася, але фiзiчныя прычыны гэтай змены вызначыць было няцяжка. Яе муж, чалавек ненасытнай пажадлiвасцi i, па ўсiм вiдаць, наравiсты i люты, яе вельмi стамiў. Некалькi разоў яна была цяжарнай, але дабром гэта не канчалася.

А тут яшчэ дадалiся сардэчныя трывогi. З таго часу як Бланш пачала трацiць сваю прывабнасць, ён стаў здраджваць ёй. Спачатку, калi Дзюрук лавiў сельскiх дзяўчат, Бланш прыкiдвалася, што не бачыць, спадзеючыся, паправiўшы сваё здароўе, вярнуць i мужа. Потым ён пусцiўся ў залёты да маладой жанчыны з Пон-дэ-Лёра Мацiльды Фраман, удавы архiтэктара. Я яе добра ведаў, жанчына сумленная, але Геркул Дзюрук прыставаў як смала. Бланш увесь час пыталася ў мяне пра сваю сапернiцу, горка плакала i скардзiлася. Я прапiсваў ёй для супакаення няшкодныя бромiстыя кроплi.



5 из 12