
А так мала не хапiла, каб iх там не аказалася: я ўжо збiраўся зрабiць усё, што трэба. Варта было мне толькi захацець, i ў вас цяпер нiчога не было б, акрамя дома i зямлi. На ваша шчасце, нянавiсць мая патухла: я перажыў яе, хоць доўгi час быў перакананы, што гэта i ёсць маё самае моцнае, самае жывучае пачуццё... Але, прынамсi, на сёння яно пакiнула мяне. I мне, старому, дабiтаму чалавеку, сёння цяжка нават сабе ўявiць таго вар'ята, якi цэлымi начамi не так абдумваў сваю помсту (гэтая бомба замаруджанага дзеяння была ўжо даўно зроблена з такой руплiвасцю, што я ганарыўся ёю), як шукаў спосабаў пацешыцца ёю. Я хацеў тады дажыць да таго моманту, калi ты вернешся з банка i адамкнеш пусты сейф. Як бы ў вас усiх выцягнулiся твары! Трэба было толькi выдаць табе даверанасць на права адчынiць сейф не надта рана i не надта позна, каб пацешыць сябе апошняй радасцю i пачуць вашы безнадзейныя галасы: "Дзе каштоўныя паперы? Дзе паперы?.." I мне здавалася тады, што нават самая пакутлiвая агонiя не сапсавала б майго радаснага настрою. А я быў здольны на такое. Аднак хто i калi давёў мяне да гэтага? Не быў жа я вылюдкам, пачварай.
Ужо чатыры гадзiны, а паднос, што стаiць на маiм стале ад самага снедання, яшчэ не прынялi. Па брудных талерках поўзаюць мухi. Я званiў. Дарэмна. У вёсцы званкi заўсёды сапсаваныя. I я цярплiва чакаю ў тым самым пакоi, дзе спаў яшчэ хлопчыкам i дзе хутка, вiдаць, i памру. А ў дзень маёй смерцi дачка мая Жэнеўева перш-наперш захоча адваяваць гэты пакой сваiм дзецям. Я адзiн займаю самы вялiкi i самы лепшы пакой. Але ўспомнiце i паглядзiце праўдзе ў вочы: я хацеў аддаць гэты пакой Жэнеўеве, i так бы i зрабiў, калi б не доктар Лаказ. Гэта ён тады даводзiў, што маiм бронхам вельмi шкодзiць сырасць, i таму мне нельга жыць на нiжнiм паверсе. I тым не менш я перайшоў бы туды, хоць i з горкай затоенай крыўдай... А калi ўсё ж мне не далi гэтага зрабiць, я шчыра парадаваўся. (Колькi я сябе памятаю, я заўсёды рабiў нейкiя ахвяры. Адны ўспамiны пра iх атручвалi мне жыццё, пакiдаючы ў душы зярняты злосцi i крыўды, якiя з часам давалi свае буйныя ўсходы.)
