Толькi спачатку iх дзве было, а потым стала чатыры, бо першыя дзве за дзесяць гадоў шашаль з'еў. Ды каб гэтая бяда была самай вялiкай у Пэлiнай хаце! А то ж было яшчэ здарэнне... Пракладалi каля старых могiлак новую дарогу. Частку могiлак трэба было знесцi, i якраз тую частку, дзе Пэлiны бацькi ляжалi. Спачатку плакала цётка Пэля, а потым радавалася. "Вось i добра, я сваiх бацькоў да касцёла блiжэй пакладу, перавязу iх у Рубяжэвiчы!" - казала Пэля суседзям. Заказала яна дзве труны: мацi зялёную, бацьку - зялёную; не падумайце, што яна паточаныя шашалем узяла, не той Пэля чалавек, яна любiла смерць, як iншы жыццё палюбiць не можа. Выкапалi ёй мужчыны бацькоў i ў труны паклалi. А справа была ў снежнi. Толькi яны выкапалi, а тут мароз, i такi мароз, што зямля ўкамянела, нi ломам, нi сякераю тую зямлю не возьмеш, не тое што рыдлёўкаю. Карацей, нi адзiн мужчына ў Рубяжэвiчах не стаў яму для Пэлiных бацькоў капаць, так яны ў хляве да сакавiка i прастаялi. Добра, што зiма ў той год была сапраўдная, з завiрухамi, з маразамi. А цяпер у цёткi Пэлi ўсё добра: спiць яна побач са сваiм Ясечкам у Рубяжэвiчах непадалёк ад касцёла, спяць яны пад акуратнымi помнiкамi, на якiх блiшчаць аднолькавыя надпiсы: "Ад сваякоў". Толькi вось блiзкiх сваякоў у цёткi Пэлi i не было, калi не лiчыць яе бацькоў, што спяць вечным сном на адных з Пэляй i Ясем могiлках. Няма ў Койданаве Пэлi, няма той чорнай жалобнай хусткi, у якой яна хадзiла па вулiцах. А чаму ў жалобнай хустцы? Ды не было ў Койданаве пахавання, каб абышлося без цёткi Пэлi. Нiхто так не ўмеў плакаць i галасiць, як яна. Калi галасiла цётка Пэля - голас яе, плач яе стаяў ад зямлi i да самага неба.

Мне снiцца...

Сны - адзiнае, што належыць мне. Астатняе не маё. Мне належыць толькi тое, што знiкне разам са мной.

...Снiцца Койданава.

На адной з цёткай Пэляй вулiцы жыла панi Петухоўская, яе ўсё Койданава так i называла - панi Петухоўская. Была Петухоўская такая тоўстая, што сядзець на адным крэсле не магла, бо адно крэсла, якое б нi было, хай сабе i дубовае, не вытрымае койданаўскую панi.



2 из 62