
Зусiм ужо блiзка было да норкi, як кошка ўсё ж дагнала яе i дужа ўпiлася кiпцюрамi ў хрыбцiну. Мышцы стала дужа балюча, i яна аж перастала дыхаць. Але неўзабаве i супакоiлася, бо кошка ўсё не сьпяшалася яе хрумстаць. Пэўна, то была добрая кошачка, яна толькi хацела пагуляць з мышкай. Тады мышка зьнерухомела i, бы нежывая, перавярнулася лапкамi ўгору. Тое, вiдаць па ўсiм, спадабалася кошцы, якая абедзьвюма лапкамi пачала кiдаць з боку на бок маленькую сымулянтку, бы запрашаючы яе да гульнi. Гуляць мышка ўвогуле любiла, i, хоць цяпер i баялася трохi, але ўсё не магла паверыць у кепскае. Ужо надта лагодна, бяз злосьцi ставiлася да яе ладная кошачка, няўжо гэткая можа зьесьцi рахманую мышку?
Мусiць, мышка магла б яшчэ ўцячы, асаблiва калi ў гэтай гульнi апыналася блiз лапухоў, ды ў яе ўсё не ставала рашучасьцi. Зноў жа, яна была аптымiстка, дагэтуль жа нiчога кепскага зь ёй не здарылася. Але во кошка цi, можа, таму што нагулялася, цi зь якой iншай прычыны, дужа цяўкнула мышку ля шыi - ад болю ў той аж памутнела ўваччу. Кошка тым часам паклала мышку ля ног, азiрнулася па бакох, - падобна, яна адпачывала. Цi можа, разважала, каб пусьцiць мышку? Павiнна была б пусьцiць, бо мышцы было блага, наўрад цi яна цяпер магла б уцячы. Але яна спадзявалася.
Яна верыла ў дабрыню, тым болей ад такой ладнай маладой кошкi, якой яна не зрабiла нiчога кепскага. Нават не раззлавалася на яе. Мышка разумела, што ўвогуле кошкi - ворагi мышак, але ж, мусiць, i кошкi бываюць розныя: злыя i добрыя. Таксама, як i мышы. Яна во, напрыклад, зусiм добрая мышка, нiкому нiякага зла не ўчынiла. Не пакрыўдзiла нiводнае кошкi. Навошта ж кошцы забiваць яе? Каб папалуднаваць? Але ж тое можна зрабiць зь якой iншай мышкай, не абавязкова зь ёю.
