
Кухня бачыла Наташу ў шлафроку, якi яна прынесла i акуратна павесiла на плечыкi ў адно з першых, яшчэ насцярожаных наведванняў. Я напiсаў "кухня бачыла" i падумаў, што выкарыстаў гэты выраз неасэнсавана, але зусiм не выпадкова. У тыя днi я нi за што не напiсаў бы так. Тады мая аднапакаёўка ўпэўнена вяла ролю звычайнай кватэры на гарадской ускраiне.
Ага, шлафрок. Той зялёны з буйнымi шыпшынавымi кветкамi шлафрок напачатку, я дагэтуль памятаю, укалоў мяне думкаю аб тым, дзе вiсела гэтая спакуслiвая апранашка раней.
Мне падабалася дапамагаць Наташы каля газавай плiты i збiраць на стол, у якi мы ператваралi дзве пастаўленыя пры ложку табурэткi. Новую сустрэчу нашых целаў афарбоўвала ўжо не вострае жаданне, а пяшчота ўзаемнага прыцягнення. Здаволiўшы першы раз смагу, цяпер мы як быццам дапiвалi пакiнутыя глыткi, каб запасу валодання адно адным хапiла да наступнае, заўтрашняй цi паслязаўтрашняй паловы на пятую.
Шлафрок займаў сваё месца ў шафе, калi электронны гадзiннiк у драўляным корпусе паказваў без чвэрцi восем. Па дарозе да тралейбуснага прыпынку я браў Наташу за руку i любiў раз-пораз злёгку сцiскаць яе сухiя цёплыя пальцы, адчуваючы iх адказ. Калi насустрач нам траплялася юная парачка, мая сяброўка вызваляла руку, гаворачы, што маладзёнам будзе смешна: такiя старэнькiя i трымаюцца за ручкi. Яна какетнiчала, бо i сама выдатна ведала, што абсалютная большасць гэтых жаўтаротых дзяўчатак магла б адно пазайздросцiць яе маладому, гнуткаму i такому таленавiтаму целу, якое, здавалася, мела намер нiколi не падпарадкоўвацца часу.
Асколак былога, ужо амаль чужога жыцця...
Бэзавы травень неўпрыкмет пералiўся ў язмiнавы чэрвень; у лiпенi Наташа з'ехала на два тыднi ў адпачынак, але такая доўгая ростань нiчога не змянiла: у прызначаны дзень я нецярплiва, як хлапчук, чакаў яе, i ключ павярнуўся ў замку роўна а палове пятай.
Усё пачалося напрыканцы жнiўня, калi ўслед за спёкаю некуды прапалi i цэлыя раi матылькоў-крапiўнiкаў, што яшчэ нядаўна акупавалi наваколле, залятаючы ў адчыненае вакно i бессаромна апускаючыся на нас, куды iм толькi заманецца.
