Узбегла на памяць мая юначая навела, чый герой пiсаў каханай прызнаннi на залацiстых кляновых лiсцях. Ягоным правобразам быў сам аўтар, што пражыў з тых часоў два дзесяцiгоддзi i больш нiколi не пiсаў такiх лiстоў, хоць два цi тры разы яшчэ бываў закаханы i некалi -толькi ў iншым горадзе - вось так блукаў увечары па парку i чакаў, пакуль у суседнiм доме загарыцца вакно, святло якога прынясе радасць, што будзе хвалямi нарастаць на лесвiчных маршах, каб дасягнуць найвышэйшай адзнакi перад знаёмымi дзвярыма, за якiмi гучыць цiхая музыка i чакаюць гарачыя прагныя вусны. Таму закаханаму наканавана было стаць прататыпам чалавека, што сёння глядзеў на iншае вакно i чакаў калi не радасцi, дык хоць спакою ад таго, што яно застанецца цёмным, а за дзвярыма сустрэне цiшыня.

Музыку я пачуў на пляцоўцы другога паверха. Гэта быў прэлюд No 15, з якога, як я ўжо казаў, пачынаўся другi бок купленай напярэдаднi кружэлкi. "Кропелькi" гучалi мацней i выразней, чым учора.

Ногi зрабiлiся чужымi, як бывае ад высокае тэмпературы, але загаду падняцца яшчэ на адзiн паверх паслухалiся. "Вочка" ў дзвярах заставалася цёмным, ды за iмi безумоўна хтосьцi быў. Я зняможана прыхiнуўся да лесвiчных парэнчаў i паспрабаваў засяродзiцца.

Мелодыя скончылася. Цяпер павiнен быў загучаць адметны змрочным каларытам прэлюд No 16, аднак замест яго пасля кароткай пярэрвы зноў зазвiнелi "кропелькi". Я выняў нож, праверыў, цi лёгка ён выходзiць з похвы, i, трымаючы зброю ў левай руцэ, правую падняў да званка.

У тое самае iмгненне ў кватэры прачнуўся тэлефон. Пакуль ён з доўгай настойлiвасцю паўтараў званкi, сэрца паспела зрабiць падарожжа па ўсiм целе. Званкi зацiхлi адначасова з фiнальнымi акордамi прэлюдыi.

З таго боку дзвярэй запала глухая вусцiш. "Вочка" па-ранейшаму было цёмнае, але не iснавала нiякай гарантыi, што адтуль хтосьцi затоена не глядзiць на мяне, таксама сцiскаючы ў руцэ нож альбо нешта больш надзейнае. Нядаўнi намер нацiснуць на гузiк званка падаўся мне неабачлiвым. Бегчы да тэлефона-аўтамата, каб выклiкаць мiлiцыю, значыла дазволiць майму госцю без праблемаў падмазаць пяты. Я чамусьцi быў перакананы, што музыку Шапэна слухаў менавiта госць, а не госцi.



17 из 55