
Вярнуць куфар на месца ў параўнаннi з iмклiвым начным манеўрам аказалася значна цяжэй. Перад тым як адчынiць дзверы, я паслухаў прастору за iх ненадзейным бар'ерам. Шостае пачуццё падказвала, што зараз пагрозы няма. Я прыслухаўся да самога сябе i ўзяўся, куток за кутком, вычышчаць павучынне начнога страху.
За каваю зноў прыгадаўся гаспадар кватэры з яго худзiзною i бязглуздымi, як тады здавалася, пытаннямi, што цяпер набылi злавесны цёмны сэнс. Шапэн i прайгравальнiк безумоўна былi не апошнiмi звёнамi гэтага ланцуга таямнiцаў.
Шапэн, музычная крама, прэлюд No 15... У густой смузе блiснуў вогнiк. Я выйшаў з кухнi i ўважлiва паглядзеў на прайгравальнiк. У душы змагалiся два аднолькава моцныя жаданнi: першае - паставiць "прэлюдыю кропелек" i другое неадкладна занесцi апарат з кружэлкаю ў камiсiёнку цi, яшчэ прасцей, пакiнуць яго дзе-небудзь на паркавай лавачцы.
Як вы здагадалiся, я выбраў першае.
У тую хвiлiну я паабяцаў сабе, што не дазволю страху захапiць уладу, i зрабiў першы крок насустрач... Мне хацелася напiсаць "насустрач Ёй", аднак тут гэта будзе занадта рана i не скажа вам нi на драбок болей за папярэднюю фразу.
Я проста зрабiў крок да прайгравальнiка, падняў празрыстую пластыкавую накрыўку i, паставiўшы дыск, апусцiў iголку.
З маленства, калi гэта адбывалася яшчэ чыста iнстынктыўна, я слухаў класiчную музыку менавiта так: апусцiўшы павекi i трошкi прыцiснуўшы iх вялiкiмi пальцамi сашчэпленых рук. Такая пастава, пэўна, здзiўляла маiх суседзяў у канцэртных залах, але мне, аматару, якi не атрымаў музычнае адукацыi, заўсёды дапамагала авалодаць мелодыяй i напоўнiць яе асацыяцыямi i вобразамi, што ўзнiкалi на экране ўнутранага зроку.
Вобразы прыходзiлi самыя розныя. Парк з палацавым ансамблем у духу палотнаў Барысава-Мусатава i Бакста... Крыгi на восеньскай рацэ... Сонечны ўзлесак з чырвонымi пацеркамi сунiцаў...
