
Лодка шкрабанула па донным жвiры. Я саскочыў у ваду, схапiўшыся за ланцуг, выцягнуў нос на мылец i намерыўся дапамагчы сысцi на дол нашаму пасажыру. Грак не пагадзiўся. Ён сам нязграбна кульнуўся цераз борт i, вахлiкам валочачы па пяску пакалечанае крыло, пашкандыбаў у лазовыя зараснiкi.
Вiдаць, гэта было не возера, а вадасховiшча: на выспе мы знайшлi здзiчэлы яблыневы сад з кустамi спелых жоўтых парэчак. Адна, самая старая i разложыстая, яблыня расла наводшыбе. У яе засенi мы апусцiлiся адно перад адным на каленi. Тое, што адбылося потым, не хочацца давяраць словам, бо любое з iх пагражае дэвальваваць вышыню i суладнасць злiцця нашых целаў, якiя перапаўнялiся неўтаймоўным iмкненнем ператварыцца ў адно цэлае...
За вакном пачыналася нядзеля. Усе рэчы займалi законныя месцы, i ў кватэры абсалютна нiчым не пахла.
Сцвярджаць, што я прачнуўся свежы, як ранiшняя стакротка, было б няшчыра. Я ляжаў у ложку з адчуваннямi чалавека, якi выходзiць з наркозу. Праўда, услед за ўколам пацыент уцёк альбо яго перадумалi везцi ў аперацыйную, i спатканне цела са свядомасцю абышлося без болю, а было прыпраўленае адно галавакружэннем.
Фарбы сну не выцвiлi нi пасля кавы, нi ў час вылазкi да газетнага шапiка. Я сказаў бы болей: грак, якi падмятаў пясок хворым крылом з сiнiм водлiвам, а перш чым схавацца ў вербалозе, зусiм па-чалавечаму азiрнуўся на нас, гэты грак успрымаўся больш жыццёва рэальным, чым знаёмая кiяскёрка.
Мяне мучыла пытанне: няўжо ўвесь учарашнi дзень мая iстота чакала менавiта гэтага? Гэтага надзвычай рэльефнага i аб'ёмнага, я сказаў бы нават, гiперрэальнага, але ўсяго талькi сну? I, калi адказаць станоўча, што значылi ягоныя сiмвалы?..
Нiтку думак абарваў тэлефонны званок. Апарат адазваўся сваiм улюбёным голасам. Наташа абяцала прыехаць не пазней як праз паўгадзiны. У выхадныя мы нiколi не бачылiся. Я не меў прычынаў адмаўляцца, аднак упершыню ў гiсторыi нашых адносiнаў не сустрэў у душы ранейшае радасцi.
