
Наташа здзiўлена расплюшчыла вочы, i мне давялося зрабiць намаганне, каб вярнуцца з зялёнае выспы на ложак.
Тады яна першы раз сказала, што можа застацца ў мяне да ранiцы. Паведамленне заспела мяне знянацку, але я адразу зразумеў, што не хачу гэтага. Стараючыся быць натуральным, я мякка папракнуў яе, што не папярэдзiла загадзя, бо сёння я ад'язджаю i паездку немагчыма адкласцi. Яна адвярнулася да сцяны.
Я-першы гладзiў яе па плечуку i, як дзяўчынку, угаворваў, што ўжо ў аўторак буду вартаваць яе крокi на лесвiцы, а я-другi назiраў за гэтай сцэнаю з недаверлiва кплiвай усмешачкай.
На прыпынку Наташа запыталася, калi ў мяне цягнiк. У 23.40, не задумваючыся, схлусiў я.
Каля паўночы зазванiў тэлефон. Пасля секунднага вагання, чамусьцi глянуўшы на сябе ў люстэрка, я з цвярозай адвагаю ўзяў трубку. Тая памаўчала i Наташыным голасам пажадала шчаслiвага падарожжа.
У тую ноч я адкрэслiў мiнуласць ад будучынi. Тыднi i месяцы, чыiм эпiграфам было Наташына iмя, цяпер належалi часу, якi магла злучыць з маiм толькi ўспышка кароткага ўспамiну, што ненадоўга пакiдае пасля сябе прыемны дымок.
Праз колькi дзён я знайшоў у паштовай скрынцы Наташын камплект ключоў i напалохаў iмi дрымотных жабаў у паркавай копанцы, якую ўжо бралiся шклiць лiстападаўскiя прымаразкi. Але гэта быў яшчэ не пастскрыптум да нашай гiсторыi. У сценнай шафе вiсеў зялёны з шыпшынавымi кветкамi шлафрок, i аднойчы я акуратна склаў яго ў полiэтыленавы пакет i "забыў" на прылаўку той самай камiсiйнае крамы, куды некалi збiраўся здаць прайгравальнiк.
Мой учынак быў прадыктаваны не хвiлiнным настроем, а меў важкiя прычыны, пра якiя скажу трохi пазней.
Ад моманту, калi я паставiў кропку ў папярэднiм сказе, прамiнула, паводле некаторых прыкметаў, не меней за чатыры днi. Гадзiннiк паводзiць сябе ўсё больш дзiўна, а iсцi да шапiка, каб купiць газету i даведацца, якi сёння дзень, мне зусiм неахвота. Такiх доўгiх падарожжаў у нас дагэтуль не здаралася. Не выключана, што мне трэба спяшацца i, не надта зважаючы на стыль i паслядоўнасць, засяродзiцца на галоўным.
