
- Эх, дачушка, дачушка! - уздыхала гара.
- Чаго, матулечка, так цяжка ўздыхаеш? - пытала крынiчка.
- Эх, любачка! Ты яшчэ мала жывеш на свеце i шмат чаго не цямiш, блазнiца. А я, стоячы тут з незапомных часоў, навучылася бачыць тое, чаго не бачыш нi ты сама, нi гэтыя пышныя i крыху надзiманыя дубы, нi наогул усе большыя i меншыя тутэйшыя жыхары. Толькi людзi, i то не ўсе, а самыя сталыя, самыя разумныя з iх, што пiльна i пранiкнёна ўглядаюцца ў кнiгу жыцця зямлi, могуць трошкi разбiрацца ў гэтых справах.
- Што ж ты хочаш сказаць, матуля?
- Мiлая дачушка! Даўно я заўважаю, што ў зямлi дзеецца штось нядобрае. Чуе маё сэрца, што нейкая сiла рыхтуецца павясцi цябе па другой дарозе.
- А што можа рабiцца ў зямлi? - спытала здзiўленая i зацiкаўленая крынiчка. - Зямля такая спакойная, нерухомая, як быццам зусiм акамянела i застыла.
Слухалi травы, слухалi краскi, слухаў ракiтнiк i лазняк, птушкi, нават салавейка прыпынiў сваю песню i прыслухоўваўся да гэтай размовы. Усiм здавалася, што нiкога на свеце няма разумнейшага за крынiчку, бо аб такiх цiкавых i мудрых рэчах гаманiла з iмi яна! А тут i крынiчка шмат чаго не ведае. I ўсе замерлi - так уважлiва слухалi яны гэтую гаворку.
- Эх, неразумнае дзiцятка! - сказала гара. - Гэта толькi павярхоўнаму воку не вiдно нiчога. Зямля жыве, у яё жыццi многа-многа змен, толькi ж яны выяўляюцца так павольна, так непрыметна, i на першы погляд здаецца, што яна скончыла кола свайго iснавання. А ты вазьмi вецер: чаго толькi не робiць ён? А гэтыя прыгожыя хмаркi, што любяць так часта прапаўзаць над намi, каб адбiцца ў люстры твае чыстай вады! А iншыя схованыя ў нетрах зямлi сiлы! Але не ў гэтым справа, пра гэта мы пагаворым другiм разам. Справа ж у тым, што цябе хочуць павярнуць на другую дарогу.
