
Большы - ён жа ўсё ўжо ведае. Пра яго гэта я i хачу напiсаць, бо меншы то гэты яшчэ як воск, што з яго хочаш, тое i зробiш. Ён яшчэ нiчога не ведае, i лепш, можа, каб i не ведаў. А большы ўсё змалку дзён сваiх уведаў, на няшчасце сваё. Калi Хведар Тамiлоўскi жанiўся, дык пад акном народ стаяў, i некаторыя рагаталi з гэтага вяселля, бо ён iзноў узяў з-за выгады i набраў пасагу чорт што. Дык iзноў у хаце з гэтаю Зосяю ў яго дабра не будзе. А большы хлапчук, не Хведараў, а той, першай яго жонкi, як дзiкi нейкi i як бы скалечаны застаўся. Пра гэта я колькi разоў чуў ад самое Анэты, якая за малых вельмi абстайвае, а пасля я пачаў сам прыглядацца адно ж праўда. Тады я ўспомнiў, што яшчэ як ён быў меншы, дык як Хведар бiў раз на панадворку паленам яго мацi нябожчыцу, дык я прыбег па-суседску ратаваць. А малы гэты стаiць каля платца i дрыжыць увесь. I нейк не па-людску глядзiць. Можа, ён тады нiчога не бачыў больш, апроч гэтага палена, якое бiла ў плечы яго мацi. З таго часу ўжо колькi год прайшло, а ён часта гэтаксама глядзiць. Памятаю, калi яна, мацi яго, колькi дзён была непахаваная - усё следства вялi, - дык ён не адыходзiў ад яе нежывой i гэтаксама глядзеў. Не плакаў, а глядзеў гэтак страшна. Я па-суседску прыйшоў зняць з яе мерку, каб труну зрабiць, бо я сталяр, а ён стаiць i вокам не змiгне. Дык мне самому стала страшна ад гэтага яго зiрку. Вялiкi жаль агарнуў маё сэрца, i з таго самага часу я калi ўбачу яго, дык маё сэрца крывёю аблiваецца. Бо я i сам, сказаць, гледзячы на яго, успамiнаю, як я гадаваўся. Я просты чалавек i не ведаю, што са мною часамi робiцца. Паеду араць i ўспомню гэтага хлапчука; дык жаль душу агорне, i пакуль забудуся, дык хоць немаведама дзе дзецца. Гэтаксама i з яго цёткаю Анэтаю, сама гаварыла; за гэта яе ў хаце i не любяць. А гэтыя людзi ў iх у сям'i жывуць сабе - ядуць, п'юць, спяць, робяць, сварацца i нiчога не бачаць i нiчога гэтага не ведаюць, што можа быць усё гэта на свеце. А гэты хлапец нешта ўсё як бы бачыць i маўчыць.