
Назаўтра зусiм парушыўся звычайны ход жыцця ў Бушмаравай сялiбе. Папаўднi Бушмару давялося iсцi ў вёску прасiць людской дапамогi. Сёй-той потым прыйшоў з вёскi. Прыйшоў стары Вiнцэнты, што ўмеў на памяць усялякую касцельную адправу. Труну рабiлi самi Бушмары, а Вiнцэнты малiўся з кантычак - пераспяваў колькi разоў "анёл панскi" i "Здровась Марыя", пасля труну ўдвух Бушмары завезлi ў мястэчка пад касцёл. Вярнулiся позна, а назаўтра сышлiся ўсе ў Бушмаравай чыстай хаце на жалобны абед. Вiнцэнты прыйшоў з жонкаю, за гаспадыню была Амiля. Бушмар дастаў людзям выпiць, перад абедам Вiнцэнты зрабiў жалобную адправу - заспяваў зноў "анёл панскi", усе падцягалi. Нават сам Бушмар падаваў свой, як з-пад зямлi, голас.
Спачатку быў цiхi настрой. Бушмараў брат, расчулены i ўзлагоджаны, успомнiў свайго хлапчука:
- Бывала, адна ўцеха была, прыедзеш дадому, распрагаеш каня, а ён пад нагамi трэцца, памагаць лезе. Часамi i крыкнеш на яго, i ўшчунеш, калi пасваволiць, але як памёр, дык сам палез бы лёг на яго месца, абы падняць яго.
На твары яго засвяцiлася чуласць. Жанкi заплакалi, уцёр слёзы i сам Бушмараў брат. Так прайшоў абед, а як выйшлi на ганак, каб разысцiся, той жа самы Бушмараў брат не сцярпеў:
- У мяне адрэзалi палавiну ўсяе зямлi, але я хоць толькi што на арэнду быў сеў, але ён!
Ён ткнуў пальцам на брата:
- О! Спрадвеку арэнду плацiў.
- Нiчога не зробiш, - сам жа адказаў брат.
- Чаму гэта не зробiш! - зароў Бушмар.
- Можа, што i зробiш, - хiтра сказаў Вiнцэнты.
V
Меркла ў лясах. Гусцiлася цёплае неба, адвячорак цадзiў паплаўныя туманы.
Рэчка ўлiлася ўжо ў свае берагi, цякла цiха-цiха. Магутнасць вясны жыла ў лясах i ў полi.
Бушмарава постаць чарнелася над рэчкаю.
Ён зноў быў адзiн. Брат паехаў дзён праз тры пасля матчынага пахавання. Бушмар жа яшчэ некалькi дзён, як выбiты з свае каляiны, не задумваўся нi над чым. Амiля каля яго чула сябе нiякава, кожны адвячорак пакiдала ў сялiбе яго аднаго, начаваць хадзiла ў вёску. Можа, таму, што ад Бушмара слова цяпер больш як калi цяжка было выцягнуць.
