
- Я пакiну служыць тут зараз, - сказала была раз Амiля.
Ён не пачуў цi так нiчога не адказаў.
На змроку высокая постаць узвышалася над рэкаваю лукою. Чалавек маўчаў, як i ўсё, што было навокал яго. Доўга стаяла высокая постаць. Змрок пагусцеў, неба яшчэ не запалiла зораў.
Чалавек азiрнуўся i пайшоў паволi назад. Храсткi яго носа варушылiся, бровы з'ехалi нiзка i зраслiся.
Маленькая жанчына iшла па траве. У руках яна несла чаравiкi, ад работы ружавеў твар. Яна iшла подбегам ад гумна. Вольнай рукою папраўляла валасы i глядзела кудысьцi паверх усяго. Яна напаткалася высокаму чалавеку. На адзiн момант вочы iх спаткалiся, але чалавек адвярнуўся i пайшоў на высокi ганак. Жаночая постаць прыгнулася ад таго ўзроку мужчыны, больш заспяшалася. От яна сядзiць на ганку i абуваецца. Марудзiць, абцiрае ногi аб мокрую траву, цiха навокал, нiкога нiдзе няма. Жанчына ўстала, яна ўжо гатова была iсцi.
- Дык я пайшла ўжо, заўтра на свiтаннi прыйду, - моцна гаворыць яна тое, што i кожны дзень у гэтую самую пору.
Але чамусьцi яшчэ марудзiць. Яшчэ нагнулася паправiць у чаравiку шнурок, шнурок нешта завязваецца доўга, раптам iрвецца, i яго трэба звязаць. Iдзе жанчына паволi, унурыўшы галаву, трымаецца роўна, як бы чуючы ўсё яшчэ на сабе той момантны зiрк.
Яна iдзе паўз разваленую пуню; пахне з яе прэлая салома i веснавая цвiль. Тут жанчына пайшла шпарчэй, але чалавек выбягае на ганак i моцна заве сабаку:
- Галас, Галас!
Жанчына бачыць здалёк, як цераз двор iмчыцца да гаспадара сабака, як сам гаспадар сыходзiць з ганка. Яна прыпыняецца i глядзiць: а можа, там здарылася што, яна ж тут усю гаспадынiну работу адна парабляе, можа, чаго i не дагледзела.
