З лесу, з-пад Бушмаравай сялiбы, выйшла Амiля. Яна iшла шпарка, заклапочана. Брат памкнуўся быў пайсцi ёй насустрач, але пад цiкаўнымi i хiтрымi позiркамi мужчын застаўся.

Амiля падышла да яго адразу.

- Чаму Бушмар сам не прыйшоў? - запыталася колькi галасоў разам.

Амiля адказала аднаму толькi брату:

- Не прыйдзе... Мяне прыслаў... што тут хаця робiцца?..

Яна спусцiла рукi i стаяла з сухой заклапочанасцю. Глядзела на ўсю работу.

- Што гэта за чалавек, чаму ён вачэй не пакажа: а пасля смяртэльнай крыўды не абярэшся, - загаманiлi некаторыя мужчыны.

- Каб тут каморнiка не было, можа б, i прыйшоў, - засмяяўся Амiлiн брат. - Што, невядома, як яму цяжка з начальствам гаварыць?

Амiля бездапаможна глянула на брата. Той падступiў да яе блiжэй.

Мужчыны заварушылiся па полi.

- Думаеш кiдаць служыць? - запытаў брат цiха, адводзячы сястру ўбок.

Амiля пацiснула плечуком i апусцiла вочы. Скрытнасць цяпер удалася ёй.

- Кiдай! Што гэта не ўгаварыць цябе нiяк! I тады вырвалася з хаты лiха ведае чаго, як бы не можа памеркавацца разам. Гэта ж не вечна будзе цяснота ў хаце, зараз што-небудзь зробiм. Кiдай, годзе табе лiпець за наймiчку. Чаму ты паслухаць мяне не хочаш? Чаго ты баiшся, што ў хаце цесна i хлеба можа не хапiць? Не прападзем! Будзем разам рабiць, разам жыць... Гэтак табе трэба было i адразу iсцi за наймiчку! Што ж не паслухала! Кiдай!.. Чаму ты босая прыйшла, халодны дзень гэтакi? Ранiцою мароз быў.

Яна аглядзела яшчэ раз падлеснае поле i пайшла назад.

Брат паглядзеў ёй услед, нахмурыўся.

- Можа, яна крыўдзiцца чаго, - з'явiўся раптам з боку Вiнцэнты.

Амiлiн брат не захацеў з iм гаварыць. Вiнцэнты, як знячэўку дзе абмочаны на холадзе, заклапацiўся вельмi каля тычак.

VII

За лесам насядала на сялiбу вясковае поле, арудаваў там Андрэй - Амiлiн брат, працiўны Бушмару чалавек.



15 из 86