
Вясна тады ўбiралася ў сiлу. На полi, на палянах i лесавых выцерабах зазяленьвала ярына.
Навокал Бушмаравай сялiбы з'явiлася новая агарожа. За лесам, тут жа пад бокам у Бушмара, забялелi слупы на другую iншую агарожу. Дарога з лесу, што з Бушмаравай сялiбы падалася ўбок, закруцiлася пад самую рэчку - новы перароблены вясковы палетак адапхнуў яе.
Амiля з Бушмарам часамi, у нядзелю, калi быў час, выходзiла сюды за лес. Яна-то, праўда, iшла не разам з iм, а ззаду, як бы назiркам. Ён выходзiў з хаты адзiн, ён нiкуды не клiкаў яе з сабою, калi iшоў куды так, без работы, але яна даганяла яго, убачыўшы за брамаю. Сыходзiлася з iм ужо ў лесе. Тады гаварыла:
- Можа, мы сёння ўдваiх да Андрэя пойдзем?
Ёй хацелася, каб гэта было, i баялася яна зводзiць iх.
Ён сцiскаў губы, хмурыўся, адказваў не адразу, а ўжо калi яна начакаецца гэтага адказу:
- Ты ж кожны вечар бываеш там.
Яна так ужо i ведае, што ён гэта скажа, але яшчэ не паддаецца:
- Мала што я адна хаджу. Каб з табою калi ўдваiх пайсцi, мне гэтак хочацца... Лявонка...
Яна ведае, што на гэта ён ужо нiчога не скажа. Толькi як бы дзеля таго, каб разглядзець што па дарозе цi ў полi, адвернецца ён i колькi хвiлiн не змiгне з аднаго месца, а там i Андрэеву хату вiдаць на ўзгорку, другая з краю. Разбiты маланкаю клён гнецца пад растрэсенаю страхою, развалены комiн накрыты вялiкаю бляшанаю мiскаю без дна. Там Андрэй, можа, дзе ў нядзелю курыць да вулiцы на бярвеннях з мужчынамi i, можа, зноў нагаворвае людзей на Бушмара.
