
Нiколi Бушмар не пойдзе туды!
Амiлю цягне туды хоць на момант.
- Я пайду, - гаворыць яна, - калi ты пачакаеш крыху тут, я не забаўлюся. Добра?
Яна глядзiць пакорлiва ў вочы яго. Усё роўна як просiць ласкi якой. Ён жа заўсёды адзiн i той жа - пануры, маўклiвы. Хто яго ведае, якiя думкi варушацца ў яго вiхрастай галаве, пад гэтым навiслым чэрапам.
- Iдзi сабе.
Ах, каб ён не гаварыў гэтага "сабе"!
З прычыны гэтакага тону яна не iдзе. Ён сядзiць дзе-небудзь на пенчуку цi на вывернутым дрэве.
Край лесу, перад iмi поле - цяпер ужо чужое, не яго. Бярозавыя прысады туманяцца за полем, iх ледзьве вiдаць - з гэтага, аднаго толькi боку, поле чыстае ад лесу. Скрыўленая, адсунутая Бушмарава дарога яшчэ мала вызначылася калясьмi. Межавыя палявыя слупы залезлi аж на яе - ледзьве з драбiнамi льга прасунуцца.
Амiля кладзе рукi на Бушмарава плячо:
- Чаму ты гэтакi, Лявон?
- Што? - гаворыць ён адразу, - што ты сказала?
(Часамi ён гэтак ажыўляецца без прычыны.)
- Чаго ты на мяне сярдуеш?
- Iдзi туды, - паказвае ён пальцам на вёску. - Iдзi, адно прыходзь хутка.
Цяпер яна ўжо iдзе адразу, моцна ўздыхнуўшы, але ж i праўда, што не бавiцца там доўга.
Андрэй спатыкае яе жартлiвым смехам:
- Хутарская гаспадыня iдзе. Ну, як гаспадар, не лiшне эксплаатуе цябе?
Яна вымушана смяяцца.
У акне з двара вiдаць дзецi. Ходзяць за сталом па высокай лаве, насамi ледзьве дастаюць вокны. Вочы ў абодвух чорненькiя, як вугельчыкi, аднагодкi - Амiлiн i Андрэеў.
- Iдзiце, сынкi, я вам тварыкi памыю, - гаворыць Амiля, калi ўвойдзе ў хату.
Бярэ iх абодвух на рукi i нясе ў мыцельнiк да вядра з вадою. Хлапчукi ў захапленнi пiшчаць.
