
I от у нядзелю, калi Бушмар рыхтаваўся снедаць, прыйшоў да яго Вiнцэнты. Ён колькi часу стаяў за Бушмараваю брамаю i разглядаў Бушмараву ярыну.
- А-а-а як жа авёс пайшоў, аж сiнее, - енчыў Вiнцэнты з нейкай пакутнай зайздрасцi. - Шалее твой авёс, дзянь добры, жэгнай Божа, - сказаў ён, калi пралез цераз парог у хату.
Бушмар бачыў яшчэ яго праз акно за брамаю. I буркнуў быў сабе пад нос:
- Цi не сюды яго няшчасце гонiць.
- Добры дзень, проша на сняданне, - прывiтаў ён госця.
Вiнцэнты сядзеў на парозе, пастукваў па падлозе кiйком сваiм, цадзiў па слову гаворку - чакаў, калi Бушмар скончыць снедаць i калi адыдзецца ад стала Амiля.
- Я прыйшоў да цябе, - загаварыў ён пра справу, выводзячы Бушмара на двор.
Бушмар як бы пачуў што трывожнае, маўчаў i нарыхтаваўся слухаць. Ён вёў Вiнцэнтага па двары. Вiнцэнты раптам перайшоў на дробныя ўсмешкi i нават сказаў жарт:
- Я хачу ў падсуседзi да цябе.
Бушмар трацiў цярплiвасць - ён сам нiколi не жартаваў i да людскiх жартаў не прывык. Вiнцэнты ж адразу пасталеў, гэтак як напусцiў бы на сябе жартаўлiвасць:
- Ты ж чуў пэўна?
- Што?.. Нiчога я не чуў.
Бушмар як мае быць ужо ўстрывожыўся. Вiнцэнты больш не мучыў яго сваiмi жартамi:
- Падсуседзi - не падсуседзi, а хаўрус з табою хачу зрабiць. Уцячы ў лес да цябе хачу. Хлопцы мае самi прыслалi мяне да цябе... Дарогу тваю адапхнулi? Палетак паўз лес адрэзалi? На гэты бок лесу залазяць? Андрэй арудуе? I арудаваць будзе, бо ён на цябе вока не мае. Ён пытаў (сам я чуў) у Амiлi нядаўна - цi запiсана яна ў гэтым рабачкоме...
Вiнцэнты раптам спынiў гаворку i палажыў рукi на полы вопраткi. Расцягнулася нiжняя губа, стала тоненькаю, i мяшкi пад вачыма пачырванелi. Ён трошкi прысеў, трошкi нагнуўся да Бушмарава вуха. Спачатку так памаўчаў, пасля захiхiкаў:
