
- Хi-хi-хi, хi-хi-i-i...
Бушмар зусiм здзiвiўся, аж злосць папаўзла па твары яго.
- Хi-хi, гэта такi недурны нехта выдумаў, iмя яму даў - рабачок... падточвае гаспадароў... цi запiсалася ты, кажа, у рабачок... Хi-хi-i-i.
Зноў ён раптам зрабiўся сталым, пасля гэтай штучнай весялосцi:
- Страшная штука робiцца. Усё к чортавай матары пойдзе. Гады, запанаваць хочуць... Будзе табе яшчэ не гэта. Яшчэ i хату адбяруць у цябе, i самога з торбаю па свеце пусцяць, калi самому не ратавацца.
- Што? - гукнуў з усiх жыл Бушмар.
А той як бы наўмысля прыйшоў сюды, каб памучыць:
- I ўсiм нам тое самае будзе, калi, я ж кажу, не ратавацца.
Тут ён змоўк i ўздыхнуў. Бушмар, каб прымеў, дык увагнаў бы тут яго на месцы ў зямлю. Вiнцэнты яшчэ трохi памучыў:
- Гэта можна было адразу бачыць, што гэта будзе...
- Што?! - нема раўнуў Бушмар.
I ўжо тут Вiнцэнты як мае быць дайшоў да справы:
- Усё пойдзе нанава. Гэта, што яны там панастаўлялi тычак i слупоў, дык увосень усё параскiдаюць самi ж. Гэтыя новыя межы на знос пойдуць. I гэта, што падзялiлi гэтыя дзялянкi, што адхапiлi ад хутароў (i тваё тут дабро запала), - усё ў адзiн кацёл пойдзе. Усё, як ёсць! Нават больш яшчэ ад хутароў адхопяць, нават зусiм некаторых пазганяюць з месц сваiх - няма табе, кажа, нi хаткi, нi градкi. Народ, можа, паддавацца не будзе, але гэта... займi чорта ад варот, дык ён цераз плот! Ён цябе пройме навылёт, а свайго дойдзе... Згоняць усiх разам, выдзеляць табе, каб з голаду ўздоўж лавы лытак не стулiў, а рэштку спажыве той, хто будзе на чыёй шыi сядзець.
- Можа, да гэтага яшчэ не дойдзе, - разважыў сам з сябе Бушмар.
Ён аж панурасць сваю пачаў трацiць.
- Ты тут сядзiш, як воўк, i нiчога не ведаеш, што па людзях робiцца, цябе да калецтва як мае быць збiраюцца давесцi, а ты снедаеш сабе, як на выгодзе...
- Хто гэта хоча?
- Гады. Андрэй. Амiля нябось маўчыць табе. От папытайся ты ў яе, што Андрэй парабляе...
