
Галена адразу i не чакала нiякiх вестак ад мужа. Яна разумела яго навылёт. I праўда, што Бушмар маўчаў месяцаў мо з тры, а пасля загаварыў раптам, адно за адным пайшлi ад яго лiсты: "глядзi сябе добра", "пiльнуй сябе ў сваёй хаце", "трымай усё, як мага, не збывай нiчога, а я доўга тут не буду..." Хтосьцi малапiсьменны, мусiць, допраўскi Бушмараў таварыш, выпiсваў прывiтаннi, пажаданнi, iмкненнi Бушмаравай душы, але Галена пазнала Бушмара толькi ў словах пра гаспадарскi набытак, пра "пiльнаванне сябе ў хаце". За гэтымi словамi i жыла Бушмарава душа, якая для Галены была яснаю i вядомаю i якая не патрабавала для выказванняў шматслоўя. Галена разгадала: поўны нечаканым утрапеннем, прыглушаны бядою, Бушмар спачатку не думаў нi пра што. Як бы ўсё ўжо было скончана, больш ужо нiчога не трэба на свеце чалавеку, але пасля з'яўляцца пачала абыкласць, незвычайнае стала набываць адзнакi звычайнасцi, i тады зноў чалавек стаяў на зямным грунце.
III
У хутарской адзiноце Галена нарадзiла сына. У той самы дзень Бушмараў брат ледзьве ўспеў прывесцi сваю жонку, а праз якi дзень Галена пачала брацца за работу.
Братава жонка паехала. Гэтай Бушмаравай раднi Галена не любiла.
