
Бушмараў сын удаўся ўвесь у матку. Бацькаўскi быў толькi колер вачэй. Гэта гаварылi ўсе, хто бачыў яго, а паглядзець на малога падыходзiлi людзi пад Галену, калi яна выносiла яго ў лес i за лес. Яна несла яго скрозь паўз сцяну лесу, думала толькi пра яго i гэтым адцягвала непатрэбны клопат свой ад непазбыўнага бязладдзя ў хаце. Бо як ты нi глядзi i нi клапацiся, аднымi рукамi нiчога не парадзiш. Як яна спачатку нi разрывалася за работаю i клопатам, усё роўна не ўтрымала парадку. Усё было не дагледжана, параскiдана. I яна прыняла гэта з лёгкiм сэрцам. У яе з'яўляцца пачала нуда па людзях, таму яе гэтак часта i цягнула за лес, а тады якраз адбылiся вялiкiя змены навокал. Бушмару пакiнулi толькi сялiбу i зямлi па норме на душу. На гэты бок лесу было ўжо калектыўнае поле. Яно цiснула сялiбу немiласэрна. Тады Галена першы раз за ўвесь час напiсала Бушмару праўду пра гаспадарку.
У тыя часы Вiнцэнты трапятаўся як падсмалены. Мусiць, дапякло чалавеку добра, калi не цураўся ўзяць на сынаву шыю Бушмарава дзiцянё, але пасля апошняга таго прыходу да Галены ён асеў як знясiлены. Ён толькi шаптацца пачаў з людзьмi i вохкаць.
Тады была трэцяя восень, як адышла Амiля з хутара. Пра Амiлю Бушмар нiколi не гаварыў Галене, яна i не дапытвалася, ведала толькi тое, што пачула была тады на Бушмаравым судзе.
Несучы малога паўз лес, яна бачыла людзей на полi. На яе прыглядалiся здалёк, як бы ненарокам падыходзiлi блiжэй. Яна сама пайшла да ўсiх. Дзiцянё разглядалi доўга, спачувалi, што яна адна з iм. Галена пагаварыла з людзьмi i пайшла назад. Гэта было пасля апошняга здарэння з Вiнцэнтым. Восень у той дзень прачнулася пагодлiваю, цвiлi паўз лес верасы, беразняк увесь зiхацеў ад сонца i лiсця. Лясы дыхалi спакоем, сумная радасць поўнiла iх. У бяздум'i Галена ўвайшла ў лес, на сваю дарогу. I тады пачула, што хтосьцi даганяў яе. Крокi былi лёгкiя i шпаркiя, Галена азiрнулася. Бегла жанчына. Галена пачакала яе, i от яны сышлiся.
