
Дарогi былi пустыя. На дарозе высокая чалавечая постаць вырасла раз надвечар. Жорсткi i рухавы выгляд яе рваў гармонiю цiхай восеннай ласкавасцi.
Чалавек спяшаў. За плячыма ў яго матлялася пустая торба. Ён толькi на ўзгорку прыпынiўся, адкуль больш вiдаць было зямлi навокал. I зноў заспяшаў. Вёску ён абышоў стараною, але яго ўсё роўна ўбачылi. I ўсе гаварыць пачалi пра яго:
- Бушмар iшоў дадому з астрога.
- Спяшаў страшна.
- Не адбыў свайго часу, амунiсцiя, мусiць, нейкая!
Вечар увосень находзiць шпарка. Бушмара ён агарнуў ля хутарской брамы. Сiнь неба згусцiлася, лясы пачарнелi.
Дубняк падыходзiў да самых хат. Увечары ён зусiм злiваецца з мiзэрным драўляным чалавечым прытулкам. Як запальваюцца на небе зоры, неба ўздымаецца вышэй, зямля чула дрэмле пад iм. Тады, калi заплача ў хаце дзiцянё, дзiцячы голас далёка чуваць у лесе.
Я цябе люляла...
Спявае жанчына. На дварэ чуваць, як скрыпяць вяроўкi ад калыскi. У хаце гавораць. Жанчына ўсё спявае.
- Андрук, ты збiраешся куды? - чуваць другi жаночы голас.
- Я надвечар бачыў, як Бушмар дадому з допру iшоў, - адказвае мужчына.
- Гэтак хутка...
Жанчына яшчэ нешта гаворыць, але чалавек выходзiць з хаты. Другi чалавек шпарка адбягае ад акна. У змроку ён здаецца клышаногiм. Адбегшы крокаў дзесяць, ён спакойна варочаецца назад, нiбы iдзе сабе спакойна ў сваю дарогу.
- Добры вечар, Андрук, - гаворыць ён, стараючыся быць спакойным.
- Добры вечар, Вiнцэнты, - гэтаксама стрымлiваючыся, гаворыць Андрэй.
- Бушмар вярнуўся.
