
- Ну!
- Не бачыў?
I Вiнцэнты хiтра ўсмiхаецца, як следчы, якi злавiў на слове падсуднага. Пасля гаворыць:
- Лепш бы ён зусiм не вярнуўся.
- Чаму?
- Брыдкi чалавек. Воўк. Звер. Людзей ненавiдзiць. З яго карысцi людзям жаднае быць не можа.
- Дзiўлюся. Вы ж з iм павiнны добра ладзiць. Ён сабе дзедзiч, а ты далiкатны чалавек i хамаў не любiш, з гадамi знацца не хочаш... Хiба вы не падзялiлi чаго?
- А адкуль ты ведаеш, што я з iм вельмi вялiкi прыяцель павiнен быць?
- Па-мойму, няма вам за што сварыцца. Жылi б вы сабе як мае быць, далiкатна, па-Божаму; зналiся б, як добрыя людзi, як сваякi якiя...
Вiнцэнты недаслухаў. Ён пайшоў шпарка, з маўклiваю нянавiсцю.
- Бож-жа мой, Бож-жа мой, - шаптаў ён, прыцiскаючы на "ж". Ён здалёк чуў, як пайшоў у вулiцу Андрэй i як Амiля спявала ўсё свайму меншаму сыну.
V
Калi Бушмар выйшаў за страшную браму допра, яшчэ чуў на сабе цяжкасць прыгнечання, аж пакуль не мiнуў апошняга гарадскога завулка. Як бы хто магутны, непераможны трымаў яго за плечы i цiснуў у зямлю. Калi праходзiў местам, пазнаў блiзкiх, з свайго боку людзей каля вазоў, але яшчэ больш тады даў ходу, - каб хаця не заўважылi i не запрасiлi садзiцца на воз. Ён зусiм прыйшоў да спакою, калi пачуў, як палявы вецер свiшча ў вушы i б'е проста ў вочы. Тады адчуў ён струмень бурнай волi. Яна гнала яго па зямлi асеннiмi дарогамi, сцежыстымi пераходамi, лясамi. Больш нешта за сорак вёрст зрабiў ён за той дзень i яшчэ больш iшоў бы. Лёгка ўвайшоў ён у лес, як бура, мiнуў яго зараз жа. Галас iрвануўся да яго на поўны рух сваёй сабачай радасцi. У браме яны стаялi ўдвух, абняўшыся. Бушмар раздзьмутымi ноздрамi цягнуў у сябе восенны пах мокрага дрэва, саломы, зямлi, сабака захлынаўся вiскам, калацiўся з радасцi. Апамятаўшыся, Бушмар рушыў пад хату. Сабака павалокся на заднiх лапах следам, трымаючы ў абдымках гаспадараву спiну. Галена спаткала Бушмара на ганку. Яна абняла яго за шыю i павяла ў хату. I толькi тут, калi ўжо запахла знаёмым спрадвеку кутком, заварушылася дзесьцi ў нетрах сэрца трывога. Ён i сам не разумеў яшчэ, што гэта i з чаго, цi гэта пачатак чагосьцi вялiкага, цi драбяза якая? Галена падвяла яго да калыскi:
