Бо i воўк жа не цягаецца вечна адзiн, без канпанi. А пасля iдзеш далей i нi на што не глядзiш, нiчога пад нагамi не прыкмячаеш. Як бы ўсё гэта толькi дзеля цябе жыве на свеце...

Калi iшоў ужо Бушмар назад, словы гэтыя жылi дзесьцi ў адчуваннях яго, але былi яны далёкiя ад яго, нiчога ў iм не чапалi i павялiчвалi толькi нянавiсць да Андрэя. Ён адумаўся адзiн на вулiцы. I што ўкалола яго тут, дык гэта толькi неспадзяванае, што стаiць ён каля той хаты, дзе жыла калiсьцi, а можа, i цяпер жыве, Амiля. Ён рушыў назад цiха, не гэтак, як iшоў сюды. Ён быў стомлены гэтак моцна, можа, першы раз на жыццi сваiм. Нi то што яму балелi ногi, цi нылi плечы, цi туманiлася галава - ад дзённай дарогi, ад вячорнага ўтрапення, - штосьцi iншае было. Як у тумане прайшоў ён тое месца паўз лес, дзе сядзеў калiсьцi, чуючы радасць сцяны мiж iм i Амiляю, дзе ўглядаўся ён на коршака над лесам - ён цяпер гэта, праз колькi год, задрыжаўшы ўвесь, успомнiў. Як праз iмглу, бачыў ён пакарпаную плугамi дарогу пад нагамi, раскапанае глiнiшча на цэглу, навожанае дрэва за вёскаю, паадворваныя межы, паразбiраную агароджу... Усё iнакшае, як было нават гэтак нядаўна, калi забiралi яго ў адседку...

Усё рушыцца i ўцякае!

Галас гайсаў перад iм. Брэх яго гулка рваў лесавую цiшыню.

Прыйшоў дадому Бушмар позна. Галена кармiла дзiцянё.

- Дзе ты ходзiш? - сказала яна.

Ён маўчаў.

- Чаму не адказваеш?

Як бы ўсё iшлося тады на тое, каб выслухваць яму людскiя ўшчынкi.

- Ты маўчыш, дык i я магу маўчаць. Як ты прывiтаў мяне, вярнуўшыся ад такое свае бяды? Няшчасце мiнула, дык ты няма каб пачуў гэта, разам са мною, з дзiцём, якога яшчэ не бачыў, а пачаў думаць пра ўсё, чаго не было. Чаму ты не паверыў мне i нават чаму ты пытаў гэта? Цi гэта вiнават хто, што гаспадаром ты стаў меншым? Можа б, ты мог бы на ўсё iншае забыцца тады, а пабыць, як чалавек, з сваёю сям'ёю. Усё роўна як я табе не блiзкi чалавек, а хто чужы, што табе трапiўся на дарозе...



53 из 86