
- Здароў, Бушмар!
Бушмар здрыгануўся. Ён не заўважыў быў, што ў варотах стаялi людзi. Некалькi чалавек. Цяпер ён пазнаваў тутэйшых хлопцаў. Яму нядобра стала пры iх.
- Як маешся, Лявон?
- Нечага ж да нас?
Бушмар не гаварыў нiчога. Да яго падышлi. Цяпер ён пазнаў i Андрэя тут, штосьцi там гаварылi каля яго цi то з iм, цi то самi з сабою, але ён не чуў пра што. Толькi кальнула яго Андрэева слова. З гэтага ён i чуць пачаў гаворку:
- Кагадзе што пра цябе мне Вiнцэнты ўспамiнаў. Нешта вельмi не любiць ён цябе.
I тут прайшло ўсё ранейшае. Выразна вырасла перад усiм адно вялiкае i найважнейшае цяпер: нянавiсць да Андрэя.
- А ты яго цi не нацкоўваеш на мяне?!
- Хiба мне работы iншае няма?
- А што табе больш рабiць? Табе iншае работы i не трэба.
- Чаму ты гэтак думаеш?
Бушмар чуў на сабе зняважлiвы i злосны Андрэеў зiрк, бачыў, як той падступiў блiжэй.
- Я не думаю, а на сабе бачу тваю работу. Я яе пачуў добра! Можа, лепш ужо i чуць не трэба.
Ён стрымлiваў моцнае жаданне змяшаць Андрэя з зямлёю.
VI
Што ён там гаварыў з Андрэем цi Андрэй гэта з iм - Бушмар не памятаў, штосьцi ён адказваў, а то маўчаў у злосцi. Толькi пасля ўжо, калi Андрэй знiк недзе з-пад яго, ён адчуў яго гаворку. Не ўспомнiў, а адчуў. Той кiдаў словамi як каменнямi, а як дагаварыўся Андрэй да сваёй гэтай казанi, не iшло на памяць.
- ...Ты дзе нi павернешся, усюды прыкрасць, а можа, што i большае каму зробiш. Як бы ўвесь свет табе павiнен быць...
- Я на чужое не лезу, - закрычаў Бушмар, - каб адно нiхто мяне не чапаў! Не чапай мяне!
- А ты пагавары пра людзей, а не пра свой хутар! Ты ж яго ад усяго свету не агародзiш! Райвыканкомавец ступiў быў раз на твой хутар? Ты нiкога не чапаеш? Успомнi пра ўсё, з кiм ты спаткаўся калi, а Амiлi ты не забыўся яшчэ цi ўжо i следу ў тваёй галаве яе не засталося? Ты хочаш прайсцi, жывучы на свеце проста, як сабе хочаш, што на дарозе - павiнна саступiць табе, а што не ўспее саступiць, пападзецца пад твой бот, а каго-небудзь ты i сам паклiчаш да сябе на момант, дзеля якое-небудзь прагнасцi свае цi патрэбы.
