Клер усмiхнулася:

- Крысцiян, вы - генiй, я ў захапленнi ад вашага таленту, але вы наiўны як дзiця ў справах элементарных адносiн мiж людзьмi... Нават не бачыўшы Ларана, я магу запэўнiць вас, што ведаю прычыну. У вашай п'есе ёсць...

- Што там ёсць?

- Лепей сказаць, няма. У вашай п'есе, дарагi мой, няма ролi для Элен Месьер... Вось i ўвесь сакрэт. Ва ўсякiм разе я вас папярэдзiла.

Крысцiян з нецярплiвасцю пачаў тлумачыць:

- Адкуль там можа ўзяцца роля для Месьер? Сiмпатычная актрыса, цудоўная ў п'есах Мюсэ i Марыво, што яна можа рабiць у палiтычнай трагедыi?

- Ах, мой любы, як вы блытаеце пытаннi! Справа не ў тым, што можа рабiць Элен у палiтычнай трагедыi, а ў тым, каб Леон Ларан мог спакойна жыць са сваёй каханкай.

- Элен Месьер - каханка Леона Ларана?

- Вы што, з неба звалiлiся, мой друг? Яны жывуць разам ужо чатыры гады.

- Не ўсё ж мне ведаць. I прычым тут мая п'еса? Вы думаеце, што Ларан хацеў бы?..

- Я думаю, што Ларан не толькi хацеў бы, а нават будзе патрабаваць ролi для Месьер. I яшчэ дадам, што не прадбачу асаблiвых цяжкасцей, каб яго задаволiць. Варта ўключыць персанаж, якi...

- Нi за што!.. Гэта парушыць кампазiцыю твора.

- Добра, Крысцiян... Пагаворым як-небудзь потым.

I такая размова адбылася, бо Ларан прыходзiў змрочны, марудзiў з пастаноўкай, спасылаючыся на складанасць увасаблення, на раней узятыя абавязкi i розныя iншыя перашкоды. У Крысцiяна, якi гарэў жаданнем хутчэй пабачыць сваю п'есу на сцэне, таксама пачалi здаваць нервы.

- Слухайце, мой друг, - звярнулася да мужа Клер, - вы не будзеце пярэчыць, калi я адна пабуду з Ларанам? Мне ён адважыцца даверыць тое, што яго мучыць, i я вам абяцаю справу ўладзiць... Вядома, пры ўмове, што вы напiшаце ролю.



5 из 9