- Але як? Не магу ж я перайначваць закончаны твор, i тым болей твор мастацкi, для таго, каб...

- Ах, Крысцiян! Гэта так лёгка, i ў вас такая багатая фантазiя... Напрыклад, у другiм акце, дзе вы паказваеце, як македонцы арганiзоўваюць у Афiнах "пятую калону", чаму б iм не выкарыстаць для гэтай мэты адукаваную куртызанку, прыяцельку афiнскiх арыстакратаў, банкiраў, дзяржаўных дзеячаў. Вось вам i персанаж, прычым абсалютна праўдзiвы.

- Так, магчыма... I нават можна было б... Парада слушная... Яно сапраўды цiкава паказаць тайныя спосабы прапаганды, старыя, як само чалавецтва...

Клер ведала, што ўсякае зерне, папаўшы ў мыслi Крысцiяна, абавязкова прарасце. Яна затрымала Ларана, i гутарка мiж iмi дала плённыя вынiкi.

- Ах! Якая шчаслiвая iдэя! - прызнаўся ён з палёгкай. - Вы ведаеце, я не асмельваўся прасiць аб гэтым вашага мужа, чалавека бескампрамiснага ў пытаннях творчасцi. Але п'еса без жанчын наўрад цi будзе мець поспех у публiкi. Сам Шэкспiр у "Юлiю Цэзары"... Карнель у трагедыi пра Гарацыяў не абышоўся без Сабiны, Расiн у мiф пра Федру дадаў i Арысiю... А яшчэ, мадам, скажу вам шчыра, я не люблю ставiць п'есы, у якiх не прымае ўдзелу Элен... Не люблю. Яна такая маладая, такая прыхiльная да мяне... але ёй хочацца танцаваць, боязна заставацца адной... I калi я буду пакiдаць яе на ўвесь вечар, дык у яе завядуцца кампаньёны, i гэта, павiнен прызнацца, будзе мяне вельмi трывожыць. А калi ваш муж напiша для яе невялiчкую ролю, усё стане на сваё месца, i праз тыдзень я пачну рэпетыцыi.

Так зарадзiўся вобраз Мiрыны. Крысцiян, ствараючы яго, уяўляў сабе некаторых жанчын Арыстафана, нахабных i разумных, i адначасова какетлiвых красунь Марыво, у п'есах якога блiскуча выступала Элен Месьер. Прадуктам гэтай парадаксальнай мешанiны, нечакана для самога аўтара, быў характар свежы i на рэдкасць прывабны. "Залатая роля!" - пахвалiў Ларан. Клер запрасiла Элен Месьер на абед, каб Менетрые прачытаў ёй свой новы варыянт. Гэта была абаяльная асоба, мiнiяцюрная, з доўгiмi апушчанымi вейкамi, з грацыяй асцярожнай кошкi, гаварыла яна мала i нi разу не сказала глупства. Элен спадабалася Крысцiяну.



6 из 9