
- Яна ненавiдзела Расiна.
- Яна яго добра ведала.
Мiрына з'явiлася i ў першым акце. Мабыць, няма патрэбы гаварыць, што праблема таксi, вельмi важная для сумеснай дастаўкi каханкаў у тэатр, была не менш важная i для адначасовага iх вяртання дадому, так што ў канчатковым варыянце п'есы Мiрына трапiла i ў трэцi акт. Клер зноў была прымушана ўмяшацца:
- А чаму б, Крысцiян, гэтую Мiрыну, пасля паражэння афiнцаў, не павярнуць на шлях дабрачыннасцi. Зрабiце яе патрыёткай, адпраўце да партызан. Аддайце нарэшце ў палюбоўнiцы Дэмасфену.
- Ох, Клер, паслухаць вас, дык я напушчу туды сентыментальнасцi, як у галiвудскiх фiльмах. Даволi, хопiць, я не дадам нi радка.
- Чаму вы лiчыце гэта банальным i нерэальным? Хiба жанчына лёгкiх паводзiн не можа стаць патрыёткай? У жыццi такое бывае скрозь. Кастыльёне спакусiла Напалеона Трэцяга iдэяй аб'яднання Iталii... Трэба толькi разумна i нечакана падрыхтаваць перамену ў Мiрыне... Вы ж распiсваць мастак. Ну, а без палюбоўнiцы Дэмасфен можа абысцiся, я сказала гэта жартам.
- Чаму жартам?.. Успомнiце некаторых дзеячаў французскай рэвалюцыi...
Клер, праявiўшы вытрымку, прымусiла Крысцiяна нарэшце згадзiцца, i роля Мiрыны, павялiчаная i ўдасканаленая, стала адной з галоўных у п'есе.
Надышоў дзень прэм'еры. Гэта быў трыумф. Увесь Парыж глядзеў на гераiню вачамi Ларана. Публiка, падзяляючы ў душы палiтычныя трывогi Менетрые, прагнучы бачыць патрыятычны спектакль, падобны на "Персаў" Эсхiла, зрабiла аўтару авацыю. Спецыялiсты высока ацанiлi майстэрства, з якiм ён, не ўпадаючы ў пародыю, на антычным матэрыяле адлюстраваў сучаснасць. Сам Фабер, не надта прыхiльны да сваiх калег, прыветлiва сустрэў Клер за кулiсамi.
- Не iначай, як вы прыклалi сваю лапку да гэтай Мiрыны, смуглявая чараўнiца! - прабурчаў ён добразычлiва. - Нiчога не скажаш! Жанчына як жанчына, сапраўдная жанчына... I ваш праведны муж сам без дапамогi нiколi б яе не выдумаў. У жаночых справах ён не акадэмiк... Можа, няпраўда?
