
- О, актрыса з душком! - прамовiў ён. - Небяспечная штучка! Такая сапраўды можа арганiзаваць "пятую калону".
- А вы не закахалiся ў яе, Крысцiян?
- Ды не. Важна, што яна кахае Ларана. I не толькi кахае, ён яе стварыў, ён даў ёй жыццё. Яна яму абавязана ўсiм.
- Вы думаеце, што адчуванне такой залежнасцi робiць яе больш ласкавай? Я скептычна гляджу на жанчын i хутчэй паверу ў падсвядомую злапамятнасць. Але якая вам справа да гэтага. Роля ёй даспадобы, i ўсё iдзе як не трэба лепей.
Сапраўды, некалькi дзён усё iшло як мае быць. Потым iзноў Ларан спахмурнеў.
- Што ў яго яшчэ? - запытаў Крысцiян.
- На гэты раз нiчога не ведаю, - адказала Клер. - Але я магу даведацца.
Ларан не прымусiў сябе прасiць. Ён растлумачыў:
- О не, роля цудоўная, i Элен на сёмым небе... Але ж... вы разумееце, мы жывём разам i наймаем у тэатр адно таксi; ехаць паасобку - абсурд... Калi ж Элен будзе выступаць толькi ў другiм акце, што ж ёй тады рабiць у сваёй прыбiральнi цэлую гадзiну? Ёй альбо стане нудна, чаго яна цярпець не можа, альбо да яе з'явяцца вiзiцёры, i тады, я ведаю сваю натуру... гэта сапсуе мне iгру... а яшчэ больш, пашкодзiць сэрцу... Праўда, маё сэрца пана Менетрые не цiкавiць, а вось мая iгра...
- Карацей кажучы, - падагулiла Клер, - вы жадаеце, каб Мiрына дзейнiчала i ў першым акце.
- Ад вас нiчога не схаваеш, мадам.
Калi яна расказала Крысцiяну пра гэта новае патрабаванне, той пачаў крычаць: "Прымушаць пiсьменнiка! Навязваць яму!.." Клер нядрэнна разбiралася ў сiстэме мужавых думак. Перш за ўсё трэба было супакоiць яго сумленне.
- Чакайце, Крысцiян, усе драматургi працавалi ў залежнасцi ад абставiн. Шэкспiр, як вам вядома, улiчваў фiзiчныя асаблiвасцi сваiх акцёраў, Расiн пiсаў для Шанмеле. Гэта засведчыла ў сваiх "Пiсьмах" мадам дэ Сэвiнье.
