
З гэтага ўжо зразумела, што Сiзiф - абсурдны герой. Ён абсурдны сваiмi пачуццямi, як i сваiмi пакутамi. Пагарда да багоў, нянавiсць да смерцi, прага жыцця каштавалi яму жахлiвай кары, калi ўсё iснаванне зводзiцца да марнага занятку, якому няма канца. Такою цаной даводзiцца плацiць за зямныя пачуццi. Апавяданнi нiчога не кажуць нам пра Сiзiфа ў апраметнай. Але мiфы i зроблены дзеля таго, каб наша ўяўленне ажыўляла iх. Што ж датычыцца гэтага мiфа, дык тут можна ўявiць сабе толькi вялiкае напружанне мышцаў, намаганне ўзняць агромнiсты камень, пакацiць яго ўверх па адхоне i караскацца следам, сто разоў паўтараючы ўсё гэта зноў; можна ўявiць сабе сутаргава напяты твар, шчаку, прыцiснутую да каменя, плячо, што падпiрае пакрытую глеем камлыгу, нагу, падаткнутую пад яе, як клiн, далонi, што перахоплiваюць пакутлiвы цяжар, i ўласцiвую адно чалавеку ўпэўненасць дзвюх запэцканых глебаю рук. I вось, у самым канцы гэтага доўгага намагання, што вымяраецца прасторай без неба i часам без глыбiнi, мэта дасягнута. I тады Сiзiф бачыць, як камень кратаецца i за некалькi iмгненняў злятае на самы нiз, адкуль яго зноў трэба ўздымаць да вяршынi. Сiзiф спускаецца ў далiну.
Менавiта падчас гэтага спуску, гэтай разрыўкi мяне i цiкавiць Сiзiф. Бо твар, якi напiнаецца побач з каменем, - сам ужо камень! Я бачу, як гэты чалавек цяжкай, але роўнай хадою спускаецца насустрач пакутам, якiм не будзе канца. Гэты час, калi можна вольна ўздыхнуць i якi паўтараецца гэтак жа немiнуча, як i самыя пакуты, гэты час i ёсць час прасвятлення розуму. У кожнае з тых iмгненняў, калi Сiзiф пакiдае вяршыню i павольна спускаецца да паселiшча багоў, ён узвышаецца над сваiм лёсам. Ён мацнейшы за абломак скалы, якi мусiць уздымаць.
Калi гэты мiф i трагiчны, дык толькi таму, што герой усведамляе сваё становiшча. Сапраўды, цi такiм бы быў яго цяжар, каб на кожным кроку яго падтрымлiвала надзея перамагчы? Сучасны рабочы працуе штодня, усё жыццё - з той жа мэтай, i яго лёс не меней абсурдны.
