
Калi ж iншы раз спуску спадарожнiчае пакута, яму можа спадарожнiчаць i радасць. I ў гэтым слове няма перабольшвання. Я зноў уяўляю Сiзiфа, калi ён вяртаецца да абломка скалы. Спачатку была пакута. Калi выявы зямнога жыцця яшчэ надта свежыя ў памяцi, калi поклiч шчасця занадта магутны, здараецца, што туга агортвае душу чалавека: i гэта - перамога каменя, тады сам чалавек камень. Роспач настолькi вялiкая, што вытрываць яе вельмi цяжка. У кожнага з нас была свая Гефсiманская ноч. Але прыгнятальныя iсцiны развейваюцца, калi iх усведамляеш ясна i цалкам. Так, Эдып спачатку падпарадкоўваецца лёсу, таго не ведаючы сам. I толькi з той хвiлiны, калi ён раптам усё ўсведамляе, пачынаецца яго трагедыя. Але ў той жа час, сляпы i прыведзены ў роспач, Эдып разумее, што адзiная нiтка, якая злучае яго з гэтым светам, - гэта кволая ручка дачкi. I тады ён прамаўляе нi з чым не параўнальныя словы: "Нягледзячы на ўсе выпрабаваннi, якiя давялося мне зведаць, мая старасць i велiч маёй душы дазваляюць мне меркаваць, што ўсё - добра". Сафоклаў Эдып, як i Кiрылаў Дастаеўскага, вызначае такiм чынам формулу абсурднай перамогi. Антычная мудрасць злучаецца з сучасным гераiзмам.
Адкрыць абсурд можна адно адчуўшы спакусу напiсаць падручнiк шчасця. "Як! Прабачце - такiмi вузкiмi пуцявiнамi?.." Але ж свет - адзiн. I абсурд i шчасце - дзецi адной зямлi. Яны неразлучныя. Было б памылкай сказаць, што шчасце вынiкае з адкрыцця абсурду. Але здараецца так, што пачуццё абсурду нараджаецца ад вялiкага шчасця. "Я мяркую, што ўсё - добра", - кажа Эдып, i гэта святыя словы. Яны адбiваюцца рэхам у суровым i цесным чалавечым сусвеце. Яны вучаць, што не ўсё яшчэ было i ёсць вычарпана. Яны выганяюць з гэтага свету бога, якi ўвайшоў сюды разам з незадаволенасцю i густам да марных пакут. Яны робяць лёс справай самога чалавека, справай, якую людзi павiнны вырашаць самi i памiж сабой.
