Каля вартаўнiчай будкi ён завагаўся.

- Што з табой? - спытаўся чаляднiк.

- Не ведаю, пане, цi мяне тут прапусцяць? - адказаў Мiхалка.

- Дурань ты! - грымнуў на яго чаляднiк. - Калi хто-небудзь зачэпiць цябе, дык скажы, што iдзеш са мною.

"I праўда ж", - падумаў дзяцюк i здзiвiўся, што такi адказ раней не прыйшоў яму ў галаву.

Пасля ён здзiўляўся, убачыўшы купальнi i баркi: як гэта яны не топяцца ў вадзе, хоць i вялiкiя, i не хацеў даць веры, што ўвесь мост - з чыстага жалеза.

"Тут, вiдаць, нейкае ашуканства, - думаў ён. - Столькi жалеза, пэўна ж, i на ўсiм свеце няма!.."

Iшлi яны так, чаляднiк i Мiхалка, адзiн за адным, цераз мост, па адной вулiцы, па другой. Каля замка дзяцюк зняў шапку i перахрысцiўся, думаючы, што гэта касцёл. Каля кляштара бернардынаў яго амаль не задушыў амнiбус. Каля фiгуры маткi боскай перад багадзельняй ён хацеў стаць на каленi i памалiцца, ледзь той чаляднiк адцягнуў яго.

На вулiцах гоман, брычкi адна за адной, процьма людзей. Мiхалка адным саступаў дарогу, на другiх натыкаўся i аж бялеў са страху, каб часам не адлупцавалi. Нарэшце ў галаве яго ўсё пераблыталася - i ён згубiў чаляднiка.

- Пане!.. Пане!.. - пачаў крычаць у адчаi i паляцеў цераз вулiцу.

Нехта затрымаў яго, кажучы:

- Цiха ты, сабака!.. Тут крычаць не можна!

- Дык жа пан мой прапаў!

- Якi пан?

- Чаляднiк.

- Ну ж i пан!.. А куды табе трэба?

- Туды, дзе дом муруюць...

- Якi дом?

- Такi... з цэглы, - адказаў дзяцюк.

- Ат, дурань!.. Дык жа i тут дом муруюць... I там вунь! I тут!

- Ды я ж не бачу...

Яго ўзялi за плячук i пачалi паказваць.

- Во, глядзi! Тут адзiн дом будуюць... Тут другi...

- Ага! Ага! - сказаў Мiхалка i пайшоў да таго другога, бо не трэба было перабягаць цераз вулiцу.



10 из 18