
Дабраўшыся на месца, ён спытаўся пра чаляднiка. Аднак не знайшоў яго тут, i яму паказалi на iншы дом. Але i там пра чаляднiка Настазiя нiхто не чуў; трэба было iсцi далей.
Такiм чынам ён абабег некалькi вулiц i аглядзеў дзесятка паўтара пачатых будоўляў, сам сабе думаючы, дзе ж цяпер жывуць тыя людзi, якiм дамы яшчэ толькi будуюцца.
Паступова ён аддаляўся ад цэнтра горада. Гоман на вулiцах цiшэў, прахожых было менш, брычак амаль не вiдно. Затое ўсё больш ды больш рыштаванняў, горбаў цэглы i чырвоных сцен.
Дзяцюк страцiў надзею знайсцi чаляднiка i падумаў пра работу.
Зайшоў у двор нейкай новабудоўлi пры дарозе, спынiўся сярод рабочых i пачаў прыглядацца. Час ад часу ён далучаўся да гутаркi, а то i памагаў сяму-таму. Каму цэглу складаць паможа, каму ражку падасць, а тым, што вымешвалi вапну, сказаў, як гэта належыцца рабiць. I паказаў, ажно майстра абляпаў з ног да галавы.
- Што ты тут круцiшся, вахлак? - спытаўся ў яго пiсар.
- Работы, пане, шукаю.
- Няма тут для цябе работы.
- Няма цяпер, дык, можа, потым знойдзецца. А вам жа не шкодзiць, калi я каму дапамагу.
Прайдоха пiсар адразу ўцямiў, што дзяцюк без капейкi. Ён выняў сваю кнiжыцу i аловак, пачаў перакрэслiваць, падлiчваць i ўрэшце зрабiў ласку прыняў Мiхалку.
Людзi казалi, што зарабляў ён на iм дваццаць грошаў у дзень - чыста.
Тут Мiхалка працаваў да восенi. З голаду не памёр, за начлег не плацiў, аднак нават ботаў сабе не купiў. Толькi i ўсяго, што разоў колькi напiўся ў нядзелю, як парсюк. Хацеў нават вэрхалу нарабiць у карчме, але часу ў яго не хапiла, бо ўзялi ды выкiнулi за дзверы.
Дом рос на вачах. Яшчэ муляры не закончылi флiгеляў, а фасад ужо быў пад дахам, атынкаваны, ашклёны, нават i людзi пачалi ўсяляцца.
Пад канец верасня задажджыла. Працу спынiлi i ўсiх чорнарабочых звольнiлi. У лiку такiх быў i Мiхалка.
Пiсар кожны тыдзень трошкi не дадаваў яму, кажучы, што аддасць зараз. Калi ж прыйшоў канчатковы разлiк, дзяцюк, хоць i непiсьменны, уцямiў, што пiсар яго, вiдаць, абдурыў. Даў яму тры рублi, а належалася з пяць цi з шэсць.
