
- Гэй! Гэй! А куды ты? - гукнуў за iм з ганка чалавек у доўгiм кажусе.
Вiдаць, ужо было холадна на дварэ.
Мiхалка павярнуўся.
- Гэта я, - сказаў ён. - Iду спаць у сутарэнне.
Чалавек у кажусе абурыўся:
- Тут што - жабрацкi гатэль, каб вам начаваць?
- А я ж тут рабiў усё лета, - збянтэжыўся дзяцюк.
У сенцах паказалася вартаўнiкова жонка, непакоячыся пра мужа.
- Што тут робiцца?.. Хто гэта?.. Можа, злодзей? - спыталася яна.
- Ды не. Толькi вось гэты кажа, што ён тут працаваў, што i начлег яму належыцца... Дурнаваты!..
У Мiхалкi загарэлiся вочы, ён засмяяўся i падбег да вартаўнiка.
- Дык вы з нашай вёскi? - спытаўся радасна.
- А чаму гэта? - здзiвiўся вартаўнiк.
- Бо так на мяне гавораць у нашай вёсцы... Бо я - дурны Мiхалка!
Вартаўнiкова жонка захiхiкала, а сам ён пацiснуў плячыма i сказаў:
- Што ты дурны, дык гэта вiдно. Аднак я не з вёскi, а з горада... З Лапаў!* - дадаў ён такiм тонам, што пасумнелы дзяцюк ажно ўздыхнуў.
* Лапы - гарадок на Беласточчыне.
- Уга! Гэта ж, вiдаць, такi самы вялiкi горад, як Варшава?
- Такi - не такi, - адказаў вартаўнiк, - а ўсё ж горад нiшто сабе.
Ён памаўчаў, а потым:
- А ты, само сабой, кацiся адгэтуль, бо спаць тут няможна.
Дзяцюк i рукi апусцiў. Ён жаласна зiрнуў на вартаўнiка i спытаўся:
- Куды ж я пайду ў такi лiвень?
Трапнасць гэтай заўвагi ўразiла вартаўнiка. I сапраўды - куды ж iсцi ў такую навальнiцу?
- Што ж, - сказаў ён, - заставайся тады, калi лiвень. Толькi глядзi, каб ноччу красцi не захацелася. А ўранку на самым золаку ўцякай, каб гаспадар не ўбачыў. Бо гэта быстры пан!
Мiхалка падзякаваў, пайшоў у флiгель i вобмацкам залез у знаёмае сутарэнне.
Расцёр ацэплыя рукi, выкруцiў мокрую сярмяжыну i лёг на цаглянай крошцы i стружках, якiх калiсьцi нанасiў сюды.
