Горача яму не было, наадварот - нават трохi холадна i мокра. Аднак ён з маленства прывык да галечы i на цяперашнюю невыгоду зусiм не зважаў. Горш было ад думкi: а што далей? Цi шукаць працы ў Варшаве, цi вяртацца дахаты? Калi шукаць працы, дык дзе ды якое? А як дахаты вяртацца, дык як i чаго?

Голаду ён не баяўся. Было ж яшчэ два рублi, ды, зрэшты - што той голад навiна для яго?

- Ат, што бог дасць, - шапнуў ён.

Перастаў непакоiцца пра заўтрашнi дзень, цешыўся сённяшнiм. На дварэ цурболiць дождж. Дрэнна было б цяпер у раўку, а тут жа так здорава!

I заснуў, як стомлены мужык, якi, калi яму што снiцца, кажа, што гэта душы нябожчыкаў яго наведвалi.

А заўтра... Будзе што бог дасць!

Зранку распагодзiлася, нават i сонца блiснула. Мiхалка яшчэ раз падзякаваў вартаўнiку за начлег i пайшоў. Быў ён зусiм бадзёры, хоць ад учарашняга дажджу валасы зляпiлiся, а сярмяга ўдубянела, як скураная.

Пастаяў трохi перад варотамi, раздумваючы, куды падацца, улева цi направа? Заўважыў паблiзу адчыненую карчму i зайшоў туды паснедаць. Выпiў добрую чарку гарэлкi i весялейшы пабрыў туды, дзе вiдаць было рыштаванне.

"Цi працы шукаць?.. Цi дахаты вяртацца?.." - таўклiся ў галаве яго думкi.

Раптам аднекуль непадалёку пачуўся гук, нiбы коратка загрымела, потым другi раз - мацней.

Дзяцюк зiрнуў туды.

Крокаў з дзвесце направа вiдаць быў верх рыштаванняў, а над iмi як быццам чырвоны дым...

Штосьцi там адбылося. Мiхалку ахапiла цiкаўнасць. Пабег туды, коўзаючыся i пляхаючы па лужынах.

На незабрукаванай вулiцы, дзе зрэдку стаялi дамы, мiтусiлiся ўстрывожаныя людзi. Крычалi i паказвалi рукамi на незакончаную будоўлю, каля якой ляжалi дошкi, паламаныя слупы i свежы друз. Над усiм гэтым уздымаўся чырвоны пыл.

Мiхалка падбег блiжэй. Там ужо ён убачыў, што здарылася. Абвалiўся новы дом.

Адна сцяна рассыпалася зверху да нiзу, а другая - на большую палавiну.

У разбураных сценах тырчалi вушакi i аконныя рамы, а бэлькi перакрыццяў абвалiлiся, пагнулiся ды паламалiся, як трэскi.



15 из 18