
Страхоцце, што з iм рабiлася!.. Адчуваў увесь боль прыцiснутага, ягоны жах, адчай, а разам з тым - нейкую сiлу, якая штурхала яго наперад...
Здавалася, што ў гэтым натоўпе нiхто, а толькi ён адзiн павiнен ратаваць чалавека, якi прыйшоў сюды з вёскi на заработкi. I ў той момант, калi iншыя гаварылi самi сабе: "пайду", ён думаў:
"Не пайду! Не хачу!.."
Азiрнуўся з бояззю. Стаяў ён спераду, найблiжэй да сцяны.
- Не пайду! - шаптаў i... падняў друк, якi ляжаў амаль пад нагамi.
У натоўпе пачуўся шэпт:
- Зiрнiце!.. Што ён робiць?..
- Цiха!
- Божа добры, злiтуйся! - гукаў паранены, рыдаючы ад болю.
- Iду! Iду!.. - сказаў Мiхалка i... пайшоў у руiны.
- Абодва загiнеце! - крыкнуў цесля.
Мiхалка быў ужо каля прыцiснутага. Убачыў яго раструшчаныя ногi, лужыну крывi, i ў вачах яго пацямнела.
- Браце мой! Браце! - шаптаў паранены, абдымаючы яго за каленi.
Дзяцюк падсунуў друк пад бэльку i адчайным рыўком падважыў яе. Пачуўся трэск, а з вышынi трэцяга паверха звалiлася некалькi кавалкаў цэглы.
- Валiцца! - закрычалi, разбягаючыся, рабочыя.
Але Мiхалка не чуў, не думаў, нiчога не адчуваў. Дужым плячом ён зноў падпёр свой друк i ўжо зусiм адсунуў бэльку з раструшчаных ног няшчаснага чалавека.
Зверху пасыпалiся кавалкi цэглы. Заклубiўся чырвоны пыл, запаўняючы сярэдзiну будынка. За сцяной чулася нейкая тузанiна. Паранены застагнаў мацней, а потым раптам змоўк.
У праёме раздзёртай сцяны паказаўся Мiхалка - прыгорблены, ён цяжка нёс чалавека. Паволi перабраўся цераз мяжу небяспекi i, спынiўшыся перад натоўпам, сказаў з наiўнай радасцю:
- Едзе!.. Едзе!.. Толькi адзiн яго бот там застаўся!..
Рабочыя падхапiлi параненага, якi самлеў, i асцярожна занеслi ў найблiжэйшыя вароты.
- Вады! - крычалi.
- Воцту!
- Па доктара!..
Мiхалка павалокся за iмi, думаючы:
"Глядзi, якiя добрыя людзi ў гэтай Варшаве!.."
