У вокнах суседнiх дамоў паказалiся перапалоханыя жанчыны. А на вулiцы, апроч рабочых, было толькi чалавек некалькi. Вестка пра здарэнне яшчэ не дайшла да цэнтра горада.

Першы апомнiўся галоўны майстар.

- Нiхто не загiнуў? - спытаўся ён, дрыжучы.

- Здаецца, не. Усе якраз снедалi.

Майстар пачаў падлiчваць сваiх, аднак увесь час памыляўся.

- Чаляднiкi тут?

- Тут!

- А памочнiкi?

- Тутака!

- Енджэя няма! - азваўся адзiн.

Прысутныя на момант анямелi.

- Так, ён быў усярэдзiне...

- Трэба яго шукаць! - сказаў майстар ахрыплым голасам.

I пайшоў да абваленага дома, а за iм некалькi смялейшых.

Мiхалка машынальна падышоў таксама.

- Енджэй!.. Енджэй!.. - гукаў майстар.

- Адыдзiцеся, пане! - перасцерагалi яго. - Гэтая сцяна ледзь-ледзь трымаецца.

- Енджэй!.. Енджэй!..

З сярэдзiны дома адказаў енк.

У адным месцы сцяна была раздзёрта на шырыню дзвярэй. Майстар забег з другога боку, зазiрнуў i схапiўся за галаву. Пасля як шалёны папёр у горад.

За сцяной круцiўся ў пакутах чалавек. Абедзве нагi раструшчыла i прыцiснула бэлька. Над iм вiсела недаразваленая сцяна, якая трэскалася ўсё больш ды больш, вось-вось гатовая абвалiцца.

Адзiн з цесляроў пачаў разглядацца навокал, а скамянелыя ад жаху рабочыя пазiралi яму ў вочы, гатовыя ратаваць, калi што яшчэ можна зрабiць.

Паранены сутаргава крутануўся i стаў на руках. Гэта быў селянiн. Губы яго былi чорныя ад болю, твар - шэры, а вочы пазападалi. Глядзеў на людзей, што стаялi непадалёку, стагнаў, але прасiць ратунку не асмельваўся. Гаварыў толькi:

- Божа мой!.. Божа лiтасцiвы!..

- Сюды нельга зайсцi! - глуха сказаў цесля.

Натоўп адступiўся.

Сярод людзей стаяў Мiхалка, перапалоханы, вiдаць, больш за ўсiх.



16 из 18