Падхапiла яго бура, падхапiла!.. Толькi што не ад мацi, не ад бацькi, не ад роднай хаты, а сiрату з чыстаполiцы.

Ён разумеў, што нешта з iм не так, але нiчым не мог сам сабе памагчы. Дрэнна яму, будзе, напэўна, яшчэ горш, але таму, што бывала ўжо дрэнна, горш i найгорш, ён расплюшчыў вочы i перастаў трымацца за борт. На ўсё божая воля. На тое ён бедны мужык, каб цягаць бяду на карку, а ў сэрцы - страх i смутак...

Паравоз прарэзлiва засвiстаў. Мiхалка зiрнуў наперад i ўбачыў воддаль цэлы лес дамоў, аслоненых дымам.

- Недзе гарыць? - спытаўся ён у змазчыка.

- Гэта Варшава!..

Дзецюка зноў сцiснула за сэрца. Як ён асмелiцца ўвайсцi ў гэты дым?

Станцыя. Мiхалка злез з платформы. Пацалаваў у змазчыка руку i, разглядзеўшыся, памалу пайшоў да тое крамы, дзе на шыльдах былi намаляваны куфлi з чырвоным пiвам i зялёная гарэлка ў бутэльках. Не выпiўка яго туды прыцягвала, а штосьцi iншае.

За карчмой вiдаць было - будуецца дом, а перад тымi шыльдамi стаялi муляры. Ён прыгадаў параду iнжынера i падышоў - спытацца пра работу.

Муляры, хлопцы хвацкiя, забруджаныя вапнай i цагляным пылам, самi зачапiлi дзецюка.

- Хто ж ты такi?.. Адкуль жа ты?.. Як тваю мацi завуць?.. Хто табе шапку такую пашыў?

Адзiн цягнуў яго за рукаво, другi насунуў шапку на вочы. Разоў некалькi закружылi яго на адным месцы, дык ён i не ведаў ужо, з якога боку прыйшоў.

- Адкуль жа ты, хлопча?

- Я, пане, з Вiльчалыкаў, - адказаў Мiхалка.

Ён гаварыў неяк нараспеў, твар яго быў перапалоханы, i муляры дружна зарагаталi.

Мiхалка стаяў сярод iх i, хоць i крыўдна трохi было, таксама смяяўся.

"Глядзi, якiя вясёлыя хлопцы!.."

Гэты ягоны смех i прастадушны выгляд выклiкалi ў муляраў прыхiльнасць. Яны супакоiлiся, пачалi яго распытваць. Калi ж сказаў, што шукае працы, паклiкалi за сабой.



4 из 18