
- Дурны, падла, але, здаецца, добры хлопец, - сказаў адзiн з майстроў.
- Трэба яго ўзяць, - дадаў другi.
- А ўступнае дасi? - спытаўся ў Мiхалкi чаляднiк.
- Ды я ж не ведаю, як гэта?
- Паставiш гарнец гарэлкi, - растлумачыў другi.
- Або возьмеш ад нас прачуханца! - дадаў, смеючыся, трэцi.
Падумаўшы, Мiхалка сказаў:
- Яно, вядома, лепш узяць, чым даваць...
Мулярам i гэта спадабалася. Зноў разоў два насунулi яму шапку на вочы, але гарэлкi не дамагалiся i прачуханца не далi.
Так яны весела дайшлi да месца i ўзялiся за працу. Майстры ўзлезлi на высокае рыштаванне, а дзеўкi i падлеткi пачалi насiць цэглу. Мiхалку, як навiчка, паставiлi перамешваць лапатай вапну з пяском.
Так ён стаў мулярам.
Назаўтра яму далi на дапамогу дзеўку, такую ж бедную, як i ён. Усяго i вопраткi ў яе было, што старая хустка, дзiравая спаднiца i кашулiна - божа, злiтуйся! Прыгожай яна не была. Смуглявая, сухая з твару, нос кароткi, задзёрты, нiзкi лоб. Але Мiхалка быў непераборлiвы. Як толькi яна з'явiлася каля яго з лапатай, ён зацiкавiўся ёю, як хлопец дзяўчынай. А як зiрнула на яго з-пад спалавелай хусткi, адчуў, што ў грудзях пацяплела. Ён нават так асмялеў, што спытаўся:
- Адкуль жа вы? Далёка ад Варшавы? Даўно працуеце з мулярамi?
Распытваючы, ён казаў ёй "вы". Але таму, што яна пачала гаварыць яму "ты", дык i ён ёй "ты".
- Не бяры так цяжка, - казаў ён, - я ўжо i за цябе, i за сябе зраблю.
I рабiў так шчыра, што ажно пот з яго лiўся, а дзеўка толькi коўгала лапатай па версе, туды ды назад.
З таго часу яны хадзiлi ўдваiх увесь дзень, i заўсёды асобна. Часамi да iх далучаўся адзiн чаляднiк. Дзеўцы ўсялякага нагаворыць, з дзецюка накпiць толькi i ўсяго. Увечары Мiхалка заставаўся начаваць у камянiцы, якую яны муравалi, бо не было яму куды iсцi, а яго сяброўка iшла ў горад разам з iншымi i з тым чаляднiкам, якi ўвесь час лаяў яе, а то i па карку даваў.
