
- Але, - сказаў сабе пад нос Юлiк Карнавух, - выбераш тут савецкiх людзей, калi iх тут ёсць не больш як чалавек пятнаццаць. Найдзi папрабуй сярод хутаранскiх "ягомасцяў" хоць аднаго савецкага?! А нашы дурнi сядзяць сабе дома чакаюць, "як будуць людзi iсцi"...
- Называйце, таварышы, кандыдатаў! - сказаў Кастусь Курганец.
Не паспеў ён яшчэ змоўкнуць, як пачалi ўжо "выстаўляць" кандыдатаў:
- Гаронiм Цурубалка! - крычалi з аднаго боку.
- Данiель Кiралейза! - чулася адтуль жа.
- Тодар Грыб, - крычалi з другога боку.
- Мацвей Сцепанец!
- Янка Галубовiч!
- Няма iх на сходзе!
- Хвёдар Казёл!
- Няма на сходзе!
- Хама Скрут!
- Сучок!
- Фабiян Свiнкоўскi!
- Цiха, таварышы, не ўсе разам. Не гаварыце гуртам.
- Цурубалка, Кiралейза! - закрычалi зноў хутаранцы. - Свiнкоўскi, Мiхал Папсуй!
Курганец падняўся, падняў руку, каб зрабiць цiха, i сказаў:
- Усякi, хто назваў свайго кандыдата, павiнен сказаць аб iм некалькi слоў, чаму ён яго назваў, хто ён такi ёсць.
I вось пачалi гаварыць.
Кiралейзу "выставiў" Цурубалка, Цурубалку - Кiралейза. I абодва яны аказалiся людзьмi "разумнымi, сталымi, добрымi гаспадарамi, людзьмi, якiя нiколi нi з кiм не сварацца".
Пра Фабiяна Свiнкоўскага сказаў адзiн шляхцiц-хутаранец, што ён чалавек "богабаязны i справядлiвы".
Хама Скрут аказаўся чалавекам "добра граматным", а Тодар Грыб "добрым палiтыкам", i абодва яны - самымi бяднейшымi людзьмi ў вёсцы.
Як толькi Фабiян Свiнкоўскi назваў вясковага Мiхала Папсуя "чалавекам патрэбным у сельсавеце", падняўся маўчлiвы дагэтуль вясковы Марцiн Макарэня.
Ступаючы цiха лапцямi па падлозе, ён падышоў к сталу i сказаў:
- Я не буду баяцца Мiхала Папсуя i скажу, што ён чалавек багацейшы за ўсю вёску. Нашто ён у сельсавеце! Ды ён i не "савецкi".
