
- А чорт яго ведае.
- Ну, а ты ж слухаеш!
- А ты не слухаеш?
- Я нiчога не разбяру.
- А думаеш, я лепшы разбiрайла?
- А цi не ўсё роўна вам, - абазваўся Хама, - мы чаго прыйшлi?! Сельсавет выбiраць! Ну, дык вось i чакай, пакуль кончаць, усё роўна без гэтае казкi не абыдзецца, як нi круцi. Сядзi вось сабе цiха, калi мухi не кусаюць. А потым, як кончыць сваю гэтую "казань", дык выберам сельсавет i пойдзем дамоў.
- Праўду ка'аш, - згадзiўся Грыгор Шамяцiла i стаў пыхкаць люлькаю.
А тым часам Козiч гаварыў. Ён падымаў рукi ўгару, запускаў пальцы ў валасы i праводзiў iмi ада лба к самаму карку, прыдумоўваў, як бы харашэй злажыць рукi перад носам, калi блiснуць вачыма.
Канчаючы прамову, ён падняў палец угару i ўгледзеў, што кiпець на iм нейкi зрабiўся нягладкi i цёмны. I тут жа ўспомнiў, што ў хутаранскае вучыцелькi-пападзянкi ногцi заўсёды нейкiя блiшчастыя i падрэзаны востранька.
"Трэба будзе заўтра i мне свае так падрэзаць, - падумаў ён. - Але чым яна iх так шлiфуе?.."
Думаючы гэта, ён пакiнуў гаварыць i з хвiлiну памаўчаў. А кончыўшы i сеўшы, ён доўга яшчэ думаў, як, будучы на яго месцы, лепш падрэзваць ногцi востра цi кругла.
А потым ужо, у канцы сходу, у яго блiснула думка: "Трэба будзе другi раз у такiх выпадках паглядзецца ў люстэрка - як выглядае пасля прамовы мой твар".
После Козiча стаў гаварыць другi член валасной камячэйкi - Кастусь Курганец.
Адзеты ён быў у блiшчасты, новы скураны фрэнч, сядзеў у касматай, з вушамi, шапцы. Сказаў ён кароценькую прамову, у якой паўтарыў усё тое, што сказаў Козiч. У канцы свае прамовы ён нарысаваў схему органаў улады, ад сельсавета да ЦВК.
Гаварыў ён проста, звычайным языком, так, як гаварыў заўсёды дома.
Усе з цiкавасцю слухалi, а iншыя, каб лепш пачуць, падышлi блiжэй к сталу. Скончыў ён так:
- Старайцеся выбiраць людзей савецкiх, бедных, якiя б маглi працаваць на агульную карысць. Выбiрайце людзей разумных.
