- На сход? - таксама, як i Янка, дапытваўся Хвёдар.

- Але, скарэй!..

- А чаго?

- Сельсавет выбiраць. Скарэй!

- Хай ты сам скарэй, - агрызаўся Хвёдар. - Чаго ў карк гонiш, яшчэ нiхто не iшоў.

- Дык ты iдзi.

- Як усе будуць iсцi, то i я. Чаго ты гэтак баiшся, як бы там без мяне сходу нельга зрабiць!

- А бадай на вас трасца, - лаяўся Юлiк, лезучы па гразi на другi бок вулiцы к хаце Тараса. - Папалi дурня з сабачымi нагамi.

- Тарас, дзе ты там?

- Чаго! - абзываўся перапалоханы Тарас, выбягаючы з хлевушка. "Пэўна ў фурманку", - думаў ён.

- На сход!

- А, на сход, - гаварыў Тарас i ўжо весела падыходзiў к Юлiку, з выглядам чалавека, якi нейкiм цудам толькi што ўсцярогся вялiкае бяды. - Мо закурыш, Юлiк? - даставаў ён капшук.

Юлiк закурваў, а Тарас тлумачыў яму:

- Гэта я, браце, тут у хлевушку корпаюся. Думаю сабе, адгараджу павольным часам катух парсюку, а то ўчора, каб на яго ўпадкi, абярнуў жонку з ражкаю. А тут якраз свiння на парасеннi...

- Дык, браце, на сход, - перабiваў яго Юлiк.

- Добра, калi кончу зарання, то падыду там, паслухаю...

"А каб ты па свеце не хадзiў, - сярдзiта думаў Юлiк, iдучы далей. Ён быў сярдзiты на ўсю вёску, на ўсiх гэтых людзей, якiя корпаюцца па сваiх хатах i хлевушках i якiх так трудна выгнаць адтуль на сход. Яму хацелася скарэй скiнуць з сябе гэты непрыемны абавязак, якi прымушае яго лазiць па каленi ў гразi вось ужо трэцi раз дзеля аднаго i таго ж дзела. - Вось жа жыў не буду, а зганю вас, чарцей, - думаў ён, - выбiрайце другога, хай ён запрабуе па дзесяць разоў брахаць каля кожнага акна". I яшчэ з большым поспехам палез ён пад акно канцовае хаты.

- На сход, дзядзька!

- Ат, канечне ўсякаму цягнуцца па гэтай гразi.

- Што "ат", трэба ж як-небудзь сельсавет выбраць.

- Ну, выбiрайце, што я там вам адзiн памагу. Маё дзела цялячае - пад'еў ды ў хлеў.

- Тваё цялячае, а маё дык сабачае?! Што, я павiнен тут каля кожнага акна агыркавацца? Але што з гавядаю гаварыць, - дадаў ён цiшэй i прыйшоў к школе, дзе павiнен быў сабрацца сход.



2 из 14