Там ужо чулiся галасы.

"Што за лiха, - думаў Юлiк, падыходзячы блiжэй, - хто там можа быць? Здэцца ж, нiхто яшчэ не iшоў з вёскi - усякi ўсё "чакае", а тут якраз нейкiя людзi. Няўжо гэта шляхта-хутаранцы? Напэўна яны - iм яшчэ ўчора заказалi".

Юлiк падышоў к лужы, пабоўтаў у ёй нагамi, каб хоць трохi абмыць з iх гразь, i палез на ганак.

I думаў - няўжо гэта хутаранскiя "ягомасцi" сталi гэткiмi шчырымi да сходаў i мiтынгаў. Вось дзiва, калi яны.

- Яны i ёсць, - сказаў ён сабе пад нос, адчынiўшы дзверы. - Стараюцца, лiха iм, каб больш сваiх членаў уперцi ў сельсавет. А нашы дурнi сядзяць сабе па хатах. Усякi, падла, баiцца першым выбрацца з хаты, як бы тут з яго скуру збiраюцца дзерцi.

- Ого, начальства прыйшло, - гукнулi ў грамадзе, убачыўшы Юлiка.

- Жадаю табе сёння жа зрабiцца гэтакiм начальствам, - адказаў Юлiк.

- Чаму, нядобра?!

- Iдзi запрабуй гэтакага дабра. Зразу боты ў гразi пакiнеш.

- Чаго я маю iх пакiдаць?

- Калi не маеш пакiдаць, дык самi пакiнуцца, як станеш кожны дзень па дваццаць разоў лазiць з хаты ў хату.

Пачуўся рогат. Юлiк убiўся ў кучу мужчын.

Iшлi гутаркi.

Гаварылi моцна, аж крычалi пасярод памяшкання каля стала.

На голаў вышэй за ўсiх мужчын стаяў там Данiель Кiралейза - самы багаты шляхцiц з хутароў.

Доўгi, як качарга, з шырокiм аплыўшым тварам i тоўстымi рыжымi вусамi, ён заўсёды стараўся выглядаць чалавекам сталым i важным. Дзеля гэтага ён суконную жакетку сваю зашпiльваў усяго на два гузiкi - верхнi i самы споднi, а пад адтапыраную сярэдзiну грудзiны запiхаў рукавiцы або часам нават i шапку; "тоўсты чалавек зусiм iначай выглядае", - гаварыў ён аб гэтым сваёй жонцы.

У хутаранскай капэле ён граў на кларнеце i, лiчачы гэта вельмi важным i вялiкiм дзелам, стараўся заўсёды ўсiм гаварыць аб гэтым.



3 из 14